У Паставах з воінскімі ўшанаваннямі перапахавалі астанкі 106 салдат Рускай імператарскай арміі. Іх знайшли летам падчас пошукавых работ. Нарачская наступальная аперацыя стала трагічнай старонкай у гісторыі Першай сусветнай: колькасць загінуўшых вылічавецца дзясяткамі тысяч. На тэрыторыі Пастаўскага раёна дагэтуль захаваліся фартыфікацыйныя збудаванні - яны сталі дэкарацыямі для рэканструкцыі аднаго з эпізодаў бою. У год 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны ў Паставы прыехалі ўдзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Усе падрабязнасці ў Вольгі Маслоўскай.
Малітва, залпы гармат, кветкі. Праз стагоддзе 106 салдат шматнацыянальнай Рускай арміі перапахаваныя з воінскімі ўшанаваннямі. Іх астанкі знайшлі летам у Пастаўскім раёне. Рэдкі выпадак: імёны трох воінаў удалося высветліць.
Падчас Першай сусветнай Пастаўскі раён больш чым два гады падзяляла лінія фронту. А сакавік 1916-га ўвайшоў у гісторыю трагічнымі падзеямі Нарачскай аперацыі. Рускія войскі не былі гатовыя да наступу. Але вораг падыходзіў да сталіцы Францыі. І абавязак саюзніка быў адцягнуць праціўніка на сябе. Гэта было зроблена цаной 80 тысяч жыццяў.
Нарачская аперацыя вядомая прыкладамі асабістай мужнасці. 17-гадовая Яўгенія Варанцова - добраахвотнік 3-га Сібірскага стралковага палка - пад градам куль вяла ў атаку салдат і загінула на полі бою. Адзін з эпізодаў бітвы ўзнавілі ўдзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі. У Паставы яны прыехалі з Мінска, Брэста, Масквы і Калінінграда.
Гэтым дэкарацыям сто гадоў. Падчас Першай сусветнай тут быў участак нямецкай абарончай лініі. Да нашых дзён захаваліся бетонныя бліндажы, равы і акопы.
Сцэнарый гістарычна праўдзівы, уніформа ўзноўленая па ўзорах. Прадмет асаблівага гонару - арыгінальныя рэчы.
Ваеннай рэканструкцыяй Барыс Бурба займаецца больш чым 15 гадоў. Сёння выступае за германцаў і камандуе мінамётным разлікам. А ў сястры міласэрнасці Наталлі Аралінай на полі бою ўся сям'я.
Выбіць ворага і ўзяць вышыню. Залпы гармат імітуюць паўсотні дэтанатараў і ўзрыўпакетаў. Крыкі "Наперад!", але нават падтрымка гледачоў не дапамагла атрымаць перамогу.
Завяршылася бітва пад апладысменты гледачоў. Удзельнікаў рэканструкцыі віталі як сапраўдных герояў, якія здолелі за 15 хвілін даць сапраўдны ўрок памяці.













