Асаблівая ўвага ратавальнікаў - бяспецы на вадзе

21 июля 2013

Прычына - трагедыя, што здарылася тыдзень таму. Тады ў Жыткавіцкім раёне на возеры перакулілася лодка. Загінулі пяць чалавек, трое з іх дзеці.


Расказвае Якаў Бута.


Тую самую злашчасную лодку Прагрэс-4 з маторам у 60 конскіх сіл ратавальнікі дастаюць з возера Белае Жыткавіцкага раёна. Вадзіцель відавочна пераацаніў тэхнічныя магчымасці судна і пасадзіў туды дзевяць чалавек, не лічачы сябе. Яшчэ адзін быў ззаду на надзіманым балоне для катання.


Марыя Крываногава, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Гомельскай вобласці: Падчас папярэдняга следства высветлена, што вадзіцель кіраваў маторнай лодкай у стане алкагольнага ап'янення. З боку вадзіцеля быў выяўлены шэраг парушэнняў, у тым ліку перавозка пасажыраў без выратавальных камізэлек, перавозка пасажыраў звыш дазволенай заводам-вытворцам колькасці. Маторная лодка не была зарэгістраваная належным чынам. І, акрамя таго, у яе былі ўнесены істотныя змяненні, якія паўплывалі на бяспеку эксплуатацыі.


На адным з паваротаў вадзіцель не справіўся з кіраваннем і лодка перакулілася. Пяцёра чалавек - двое дарослых і трое дзяцей - патанулі. Астатнія змаглі выбрацца на бераг, дапамаглі відавочцы.


Усё адбылося за 200 метраў ад берага на глыбіні 10 метраў.


Уладальніка лодкі ўжо ўзялі пад варту. У адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа за неасцярожнае кіраванне суднам, якое пацягнула смерць людзей. Але родных і блізкіх патанулых гэта не супакойвае.


Амаль усе пасажыры злашчаснай лодкі былі з Салігорска. Алег Варыёнчык у гэтай трагедыі страціў сястру і пляменніка. Сямігадовы Лёша толькі скончыў першы клас, а яго маці Ганна зусім нядаўна купіла білеты на адпачынак у Балгарыю.


Суседка з першага паверха памятае Ганну яшчэ маленькай. А Лёша рос у яе на вачах. Гаворыць, што муж спрабаваў адгаварыць Ганну ад паездкі. Як адчуваў…


На наступны дзень пасля трагедыі падобны выпадак адбыўся ўжо ў Брэсцкай вобласці. На рацэ Мухавец за сто метраў ад берага перакулілася маторная лодка. Толькі на гэты раз у судне быў трэнер па веславанні і двое дзяцей-выхаванцаў. Усе даплылі да сушы.


Адна з прычын такіх выпадкаў - недастатковы кантроль. Штат інспекцыі па маламерных суднах - усяго 28 чалавек на ўсю краіну рэк і азёр. Напрыклад, на Браславах адзін інспектар кантралюе каля трохсот вадаёмаў.


Да таго ж матэрыяльна-тэхнічная база пакідае жадаць лепшага. У расійскіх калег ёсць самалёты, верталёты, катары. У нашага інспектара - лодачка з маторам у дзесяць конскіх сіл. Нягледзячы на гэта разам з Асводам інспекцыі за апошнія гады ўдалося дабіцца значнага зніжэння смяротных зыходаў на вадзе. 80 працэнтаў дарослых тонуць п'янымі.


У сярэднім ратавальнікі дабіраюцца да тапельца за 90 секунд. Пытанне толькі ў тым, што далёка не ўсе, нават самыя папулярныя месцы адпачынку, здольныя ахапіць станцыі.




Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя