Асноўныя задачы стратэгіі развіцця навукі ў Беларусі да 2040 года прадставяць на з'ездзе навукоўцаў

5 декабря 2017

Укараненне лічбавых тэхналогій і развіццё нанаіндустрыяльнага комплексу – асноўныя задачы стратэгіі развіцця навукі ў Беларусі да 2040 года. Другі з'езд навукоўцаў пройдзе 12-13 снежня. Распрацоўшчыкі вылучаюць такія перспектыўныя кірункі, як робатызацыя, 3D- і 4D-прынтынг, а таксама прымяненне беспілотнікаў у транспартных сістэмах. Традыцыйныя галіны павінны быць мадэрнізаваныя і трансфармаваныя. Такія падыходы дапамогуць вывесці Беларусь у лік краін - лідараў па прымяненні сучасных тэхналогій на сусветнай арэне.

Уладзімір Гусакоў, старшыня прэзідыума НАН Беларусі: "Стварылі агенцтва па касмічных даследаваннях. І ў галіне электрамабілебудавання пачалі буйны праект. І ў галіне біятэхналогій. Стварылі парк, спадзяёмся, што ён стане нацыянальным. Спадзяёмся, што да з'езду дакумент будзе падпісаны".

Валерый Ганчароў, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі: "Тры краевугольныя камені нашай стратэгіі - гэта лічбавізацыя эканомікі. Гэта нашы інтэлектуальныя распрацоўкі. Суперкамп’ютарныя вылічэнні. Рашэнне сеткавых пытанняў, праграмнае забеспячэнне. Як вядома, у свеце Беларусь выходзіць на лідзіруючыя пазіцыі".

Другі з'езд навукоўцаў збярэ больш за дзве з паловай тысячы дэлегатаў, у тым ліку каля 500 гасцей з-за мяжы. У першы дзень форуму – работа па секцыях: ад сучасных біятэхналогій да інавацый аграпрамысловага комплексу. Тут жа разгорнуцца тэматычныя выставы з распрацоўкамі. Асаблівае месца зойме і моладзевы блок. БДУ рыхтуе ўніверсітэцкі нанаспадарожнік.