Восеньскі Мінск з вышыні птушынага палёту

19 октября 2018

Сёлетні кастрычнік запомніцца не па-восеньску шчодрым цяплом. Некалькі разоў слупкі тэрмометраў дасягалі ў дзённыя гадзіны рэкорднай адзнакі. Сталіца не спяшалася мяняць залатое ўбранне. Восеньскі Мінск з вышыні птушынага палёту ўбачыла Марына Мураўёва.

Першае спатканне з беларускай сталіцай Ілья Дарошын разам са сваёй каханай вырашылі правесці на вышыні каля сотні метраў. У Мінск прыехалі з Разані. Уражанне ад знаёмства з горадам у кастрычніку магло сапсаваць надвор'е, але не сёлета. Рэкордныя плюс 20 цёпла сустрэлі гасцей.

Панарама старога горада з гэтай адкрытай тэрасы як на далоні. Тэракотавыя дахі Траецкага прадмесця, акваторыя ракі Свіслач... Тут жа - сучасныя будынкі гандлёвых цэнтраў. І праспект Пераможцаў, нібы апрануты ў залаты строй восені. Дарэчы, гэта не адзінае вышыннае месца для рамантыкаў. Пункт дыслакацыі можна змяніць, падняўшыся на панарамным ліфце на 23-і паверх адной з гасцініц сталіцы.

Гэты дах стаў адным з топавых месцаў для закаханых. Менавіта тут, на вышыні больш за 70 метраў над зямлёй, каля 20 хлопцаў зрабілі прапанову. Нягледзячы на боязь вышыні, усе дзяўчаты адказалі так!

Увесну і ўлетку на гэтай пляцоўцы ажыятаж. На сарака квадратах - летнія кафэ з нацыянальнай кухняй. Адпачыць на фоне гарадскіх краявідаў пад гукі беларускай музыкі штодзень паднімаюцца дзясяткі гасцей. А вось аглядная пляцоўка Нацыянальнай бібліятэкі б'е ўсе рэкорды па колькасці наведвальнікаў!

З вышыні сямідзесяці трох метраў бачна ўсходняя брама горада, знакамітыя мазаічныя пано - сімвалы Мінска: "Горад-воін", "Горад навукі", "Горад культуры" і "Горад-будаўнік". Праглядаюцца амаль усе 20 кіламетраў Сляпянскага канала. А вось уваход на гэты дах забаронены. Выключэнне зрабілі для нашай здымачнай групы. Палюбавацца залатым Мінскам тут можна з вышыні 26-га паверха. У стракатым восеньскім убранні - парк імя Паўлава, студэнцкая вёска, праспект Дзяржынскага. Рэкордна цёплы кастрычнік дазволіў разгледзець Мінск з розных ракурсаў.