Восеньскія матывы і зімовыя тэндэнцыі

8 апреля 2014

Беларускі тыдзень моды гатовы раскрыць усе сакрэты будучага сезона. Больш за два дзясяткі дызайнераў не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны і Сербіі прадэманструюць свае калекцыі. Дарэчы, у адным з дэфіле ва ўборах ад куцюр выйдуць вядучыя і карэспандэнты Агенцтва тэленавін.


Аб тым, што будзе актуальна ў новым сезоне, ад сапраўдных гуру фэшн-індустрыі даведалася наш карэспандэнт Святлана Чарнова.


Таццяна Марыніч не прапусціла ў прамым сэнсе ні адзін выпуск Belarus Fashion Week і прэзентавала ўжо дзясятак уласных дызайнерскіх калекцый. Але гэта калекцыя, прызнаецца, будзе асаблівай.


Таццяна Марыніч, дызайнер: Калекцыя натхнёна Шатландыяй, яна называецца Легенда. Гэта скандынаўскія міфы разам з нейкімі беларускімі, усё аб'яднана ў агульнай калекцыі. Я шукаю пункты судакранання паміж дзвюма рознымі культурамі.


Такія незвычайныя, нават у нейкі ступені эпатажныя ўборы, гавораць эксперты, павінны быць у гардэробе модніцы ў любы сезон. Катэгорыю must have восень-зіма 2014/2015 абавязкова дапоўняць строгае паліто без каўняра, расклёшаныя штаны і спадніца да калена.


Што тычыцца колеравай гамы, то трэндам будучага сезона абавязкова стануць уборы цёмных колераў: чорных, бардовых, зялёных і ўсіх адценняў шэрага. Па-ранейшаму застануцца ў модзе і вырабы з футра.


А яшчэ скураныя і вязаныя рэчы. Гэту тэндэнцыю падтрымалі ў сваіх калекцыях не толькі беларускія дызайнеры. Здзіўляць у Мінск гэтым разам прыехалі ў тым ліку і куцюр'е з Расіі, Украіны і Сербіі. Разам з тым гэты тыдзень моды абавязкова запаліць і новыя зоркі.


Кацярына Аўсейчык, выканаўчы дырэктар арганізацыйнага камітэта Беларускі тыдзень моды: Як і ў мінулыя сезоны, ёсць конкурс маладых дызайнераў Новыя імёны тыдня моды. Яго фінал пройдзе ў гэту суботу ў 2 гадзіны дня. Таксама ёсць пляцоўка кэжл, гэта дызайнеры крыху вышэйшыя узроўнем, потым яны падрастаюць і выходзяць ужо на асноўны подыум.


Вызначыцца з выбарам зімовых убораў у беларусаў час яшчэ ёсць - наперадзе цэлы модны тыдзень, а калі больш дакладна, 25 паказаў. У фінальным упершыню ў гісторыі Belarus Fashion Week на подыум выйдуць не прафесійныя мадэлі, а вядучыя і карэспандэнты Агенцтва тэленавін галоўнага медыяхолдынгу краіны. Спецыяльная дызайнерская калекцыя ўжо гатовая.