Асеннія канікулы ў дзяцей насычаны віктарынамі і спартакіадамі

30 октября 2017

У раскладзе школьных лагераў – а у Мінску іх 250 - як актыўны адпачынак, так і пазнавальныя заняткі.

Арганізуюць і профільныя атрады. Можна падцягнуць веды па замежнай мове, або удасканаліць танцавальнае і вакальнае майстэрства. Для вучняў запланаваны тэатральныя паказы і кінапаказы. Аляксандра Кавеліч - пра цікавы адпачынак для школьнікаў.

Прыгатаваць абед для гадаванцаў заапарка, аказаць медыцынскую дапамогу і нават пазнаёміцца з драпежнікам. Шасцікласніцы Карына і Аксана сёння прымералі незвычайныя ролі – часова ператварыліся ў ветэрынараў, заатэхнікаў і кіпераў – даглядчыкаў жывёл. Пазнавальны квэст на канікулах падрыхтавалі ў сталічным заапарку.

А гэта дружная каманда пагрузілася ў свет сучасных тэхналогій. У новай інавацыйнай лабараторыі «Тэхнапрарыў» школьнікі знаёмяцца з 3D-мадэляваннем, друкуюць аб'ёмныя дэталі на «смарт-прынтары». Потым з іх ствараюць робатаў і лятальныя апараты.

Мноства сталярных інструментаў тут замяніў адзін такі станок. За лічаныя секунды ён выразае дэталі з дрэва, шкла або пластыка. Для гэтага неабходна толькі намаляваць элемент у спецыяльнай праграме. У выніку можна атрымаць, напрыклад, вось такі драўляны самакат.

З дапамогай «разумных» машын тут увасабляюць амаль што любыя творчыя ідэі. Прычым кіруюць такімі апаратамі самі школьнікі.

Знайсці занятак па гусце падчас канікул можна і ў школьным лагеры. Толькі ў сталіцы іх больш за дзве сотні. Тут вучні падцягваюць веды па матэматыцы, хіміі і іншых прадметах, а таксама ўдзельнічаюць у конкурсах і спартландыях.

І нават дэманструюць кулінарныя таленты. Так, у 12-ай сталічнай гімназіі ладзілі вялікі дабрачынны восеньскі кірмаш.

Выставы, кінапаказы і пазнавальныя майстар-класы – адпачыць сталічныя школьнікі могуць не толькі весела, але і з карысцю. Тым больш, што сёлета вучням пашанцавала – асеннія канікулы працягнуцца 10 дзён. Другая чвэрць пачнецца 8 лістапада.