Арнітолагі падлічылі колькасць вадаплаўных птушак, якія ў Мінску засталіся на зімоўку

20 января 2016

На сталічных вадасховішчах можна ўбачыць 14 відаў птушак. Самыя шматлікія - качкі-крыжанкі і вялікія белагаловыя чайкі. А на вадасховішчы «Крыніца» можна сустрэць лебедзяў-шыпуноў, а некалькі гогаляў звычайных, птушак года Беларусі - 2016, налічылі ў Чыжоўцы. Наталля Кузьміцкая больш падрабязна.

У гэтым месцы ракі Свіслач, вядомым, бадай, кожнаму жыхару сталіцы, заўсёды сапраўдны птушыны рай. Вось і сёння тут качкі-крыжанкі, белагаловыя чайкі, нават гусь гуменнік - адзіны прадстаўнік свайго роду, які трапіў на зімоўку ў Беларусь.

Сямён Левы, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»: "Качкі ў асноўным харчуюцца малюскамі або раслінамі, у рацыёне лебедзяў таксама падводная зеляніна. Большая частка вадаплаўных птушак у зімовы час не мае патрэбы ў падкормцы. Аднак тыя, якія прызвычаіліся да пачастункаў, ужо нават не спрабуюць самастойна шукаць ежу".

Амаль штодзень маленькія Мар'яна і Яраслаў Самойлікі разам з матуляй Кацярынай прагульваюцца ўздоўж ракі Свіслач. І для птушак у іх заўсёды назапашаны аўсяныя і іншыя крупы. Дзеці добра ведаюць, што гэтых птушак хлебам ці батонам карміць нельга.

Летнія кватаранты невялікай сажалкі у цэнтры экалогіі і краязнаўства, пара качак, на зімоўку пераляцелі на адно з мінскіх вадасховішчаў, што не замярзае. Для іншых жа насельнікаў вучні разам з выкладчыкамі змайстравалі кармушкі.

Асабліва даспадобы маленькім птушкам насенне рапсу і лёну, сухафрукты. А вось сініцы любяць ласавацца салам.