Арыгінальныя падарункі на Дзень усіх закаханых

14 февраля 2014
Сталічныя фларысты прадэманстравалі ўменне апрацоўкі прыродных матэрыялаў і арганізавалі тэматычную, чырвона-ружовую выставу. Звычайных валянцінак вы там не знойдзеце. Усе сэрцы з кветак і лісця - хендмейд.

На выставу для ўсіх закаханых завітала Надзея Сербіненка.

На выставе ў Палацы чыгуначнікаў пануе атмасфера кахання. Столькі сэрцаў розных формаў, памераў і колераў, сабраных у адным памяшканні, уявіць складана. Таццяна, фларыст з 20-гадовым стажам і вытанчаным густам, таксама прадэманстравала на экспазіцыі з дзясятак сваіх лепшых прац.

Прыродны стыль выканання, калі майстар выкарыстоўвае толькі натуральны матэрыял, апошнія гады папулярны ў фларыстаў. Асабліва прываблівае тое, што мох, трава, засушаныя кветкі і лісце маюць адметны пах.

На выставе экспануецца каля 400 прац як фларыстаў-прафесіяналаў, так і аматараў. Кожны букет, пано ці валянцінка выраблены ў эксклюзіўнай тэхніцы выканання. Але яднае ўсе працы адно - кожнае сэрца зроблена з любоўю.

Дзецям прыйдуцца даспадобы цацкі накшталт шэрага ката з сярэбранага дроту, а для апантаных аматараў кавы - сэрца з суцэльных кававых зерняў. Мужчынам на Дзень закаханых фларысты раяць падарыць сэрца з ракавінак. Яшчэ адзін трэнд - цукерачныя букеты з бутонамі з гафрыраванай паперы.

Каб стварыць кампазіцыю, Таццяне, як вопытнаму майстру, спатрэбілася ўсяго 4 гадзіны. Між тым фларысты раяць кожнаму паспрабаваць сябе ў новым амплуа і самастойна зрабіць хоць і маленькі, але вельмі дарагі сэрцу падарунак. З паперы, атласных стужак і некалькіх засушаных кветак можна стварыць шэдэўр.