Арганізацыя "SOS - Дзіцячыя вёскі" святкуе юбілей - 25 гадоў у Беларусі

19 декабря 2016

Адна з самых сямейных міжнародных арганізацый - "SOS - Дзіцячыя вёскі" - сёння святкуе юбілей: 25 гадоў у Беларусі. Нягледзячы на абрэвіятуру SOS тут не ратуюць, а хутчэй дапамагаюць. Адным - жыць паўнавартасным жыццём і расці ў сям'і. Другім - даць магчымасць праявіць нерастрачаную любоў да дзяцей. За чвэрць стагоддзя тут выгадавалі і выпусцілі ў дарослае самастойнае жыццё больш чым 127 дзяцей. Пра вёску, якая лечыць маленькія душы сямейным цяплом і любоўю, матэрыял Аляксандры Драгун.

Як старэйшая памочніца Аня Ярчынская знаёміць з філасофіяй гэтага дома. Гаворыць: тут пакоі ніколі не пустуюць і заўсёды чуваць дзіцячы смех. Як толькі ў самастойнае плаванне адпраўляецца адзін з сям'і, з'яўляецца новы брат або сястра. Гэты дом як дзве кроплі падобны на суседнія з дзіцячых вёсак фармату social o support, у якіх аказваецца сацыяльная падтрымка.

За маму і за тату ў вялікай сям'і Надзея Салоха. Яе клапатлівага і любячага сэрца хапае на шасцярых дзяцей, якіх зараз гадуе ў вялікім доме. Для гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак яна вялікая надзея на бестурботнае дзяцінства і сямейнае цяпло.

Надзея Салоха, маці-выхавальнік "SOS - Дзіцячыя вёскі" (в. Бараўляны): "Задача кожнай маці ў дзіцячай вёсцы не проста выгадаваць дзяцей. А трэба іх навучыць многаму, сацыялізаваць, каб ім у будучым жыцці было значна прасцей, каб яны маглі быць паўнавартаснымі людзьмі ў нашым грамадстве".

Формула, паводле якой дзеці, пазбаўленыя бацькоўскага клопату, жывуць не ў дамах-інтэрнатах, а ў сем'ях, прыжылася ў больш чым 130-ці краінах. Чвэрць стагоддзя таму - 19 снежня - пад Мінскам пачалі падрыхтоўку да будаўніцтва дзіцячай вёскі. Затым на карце нашай краіны з'явілася яшчэ два "населеныя пункты", дзе кожны дом шматдзетны - гэта Мар’іна Горка і Магілёў.

Жыхары "SOS - Дзіцячых вёсак" не замыкаюцца ў сабе. Дзеці ходзяць у гарадскія школы, сады і спартыўныя секцыі. Тое, чаму навучыліся і чым захапляюцца, паказалі сёння на святочным канцэрце для валанцёраў і сяброў.

У 25-ы дзень нараджэння 25 гісторый адкрыта распавядаюць тыя, для каго "SOS - Дзіцячыя вёскі" сталі родным домам. Сярод аўтараў і выпускнікі. За чвэрць стагоддзя тут выгадавалі і адправілі ў дарослае жыццё 127 выхаванцаў. Многія ўжо маюць свае сем'і, але 19 снежня, пакінуўшы ўсе хатнія клопаты, збіраюцца разам, каб падзякаваць маме за шчаслівае дзяцінства.

У планах - стварыць у Мінскай вобласці школу бацькоў, дзе б, у прыватнасці, аказвалі дапамогу і падтрымку сем'ям, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей.