Арганізатары ІІ Еўрапейскіх гульняў ствараюць максімальна камфортныя ўмовы для маламабільных балельшчыкаў

16 февраля 2019

Усё менш часу застаецца да старту маштабнай летняй падзеі. Мы працягваем распавядаць, як краіна рыхтуецца да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Каб кожны ахвочы змог стаць часткай спартыўнага свята, арганізатары ствараюць максімальна камфортныя ўмовы і для маламабільных балельшчыкаў. Для іх падрыхтавалі каля 3 000 месцаў. Да таго ж набыць білеты яны змогуць з 90-працэнтнай зніжкай. Ці ўсе ўмовы створаныя для гасцей спаборніцтваў, вырашыла праверыць і наша здымачная група. На адну са сталічных пляцовак мы адправіліся разам з чэмпіёнкай Еўропы Юліяй Няжурай. Падрабязнасці - у Наталлі Тарасюк.

З 27 па 30 чэрвеня гэтыя трыбуны запоўняцца фанатамі. За медалі ў веласпорце на трэку пазмагаюцца больш за трыста спартсменаў з розных краін. Але ўжо зараз Юлія Няжура ў ролі балельшчыка, галоўнае для якога - безбар'ернае асяроддзе. Замежныя арэны на даступнасць двухразовая чэмпіёнка Еўропы сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі па лёгкай атлетыцы ацэньвала не раз у якасці і гледача, і атлета.

Месца перад госцем, як падчас гэтага інтэрв'ю, на Гульнях можа заняць суправаджальнік. Юлія задаволеная аглядам. І такіх максімальна зручных і камфортных пляцовак для маламабільных балельшчыкаў зарэзервавана каля 3000 на 13 сталічных арэнах.

Юлія пакінула машыну на стаянцы за спарткомплексам, таму паднімацца прыйшлося па даволі стромкай дарозе. Гэта рабіць гасцям Гульняў не прыйдзецца. Іх асабістай паркоўкай стане пляцоўка злева ад веладрома. А вось галоўная арэна комплексу стане гімнастычнай. І тут плануюць усталяваць спецыяльныя платформы для гасцей на інвалідных калясках.

Яшчэ ўвосень усе спартпляцоўкі абследавалі. Паводле слоў Сяргея Драздоўскага, важна стварыць безбар'ернае асяроддзе не толькі на стадыёнах, але і па ўсім горадзе. Падзейны інклюзіўны турызм павінен стаць пастаянным.

Арганізатары Еўраалімпіяды ўпэўніваюць: усе пажаданні ўлічаць. І не толькі на арэнах. Асаблівая ўвага - фанзоне на Кастрычніцкай. Адпавядаць безбар'ерным стандартам павінны кафэ і кафэшопы. Каб зручным быў не толькі шлях да дзвярэй спартпляцовак, але і маршрут пасля.

Да сустрэчы маламабільных балельшчыкаў гатовыя і лакальныя службы бяспекі. Вось так, шырока, расчыніць свае дзверы Falcon Club. На гэтай арэне будуць свістаць ракеткі і лётаць валаны. На кожным матчы па бадмінтоне два дзясяткі месцаў замацавана за асаблівымі гасцямі. Для іх выгоды ліфты, прыбіральня, электрычныя пад'ёмнікі, месцы на стаянцы. Усе білеты для маламабільных балельшчыкаў ідуць са зніжкай 90 %. Незалежна ад грамадзянства.

Каб забраніраваць ільготныя білеты, балельшчыкі павінны будуць запоўніць бланк заяўкі. Ён у мяне ў руках. Такая анкета з'явіцца ў электронным фармаце бліжэй да канца месяца. Яна як раз і ўлічыць усе нюансы: ці спатрэбіцца дапамога валанцёра, парковачнае месца і калі гледачу будзе зручна забраць білет. Заяўка будзе даступная і на англійскай мове. Пакуль сэрвіс рыхтуецца да запуску, запыт можна пакінуць на сайце білетнага аператара. Пры куплі квіткоў спатрэбіцца пашпарт і пасведчанне інваліда.