Ордэнам Маці ўзнагароджаныя 22 жанчыны сталічнага рэгіёна

15 мая 2015

Міжнародны дзень сям’і адзначаюць сёння. Па традыцыі падчас гэтага свята ўшаноўваюць захавальніц хатняга ачага. Ордэн жаночай доблесці і гонару сёння атрымалі дваццаць дзве маці, якія нарадзілі пецярых і больш дзяцей. У шэрагу тытулаваных матуль чатыры з Лагойскага раёна.

Аляксандра Драгун далучылася да віншаванняў. Пакуль бацькі на працы, Маргарыта і Віялета гатуюць абед. Родныя сёстры прывыклі да самастойнасці, бо ў сям'і, акрамя іх, яшчэ тры браты. Маміны памочніцы гаспадараць на кухні, прыбіраюць у кватэры і забаўляюць самага малодшага - Колю.

Бацькам – Марыне і Міхаілу Сяўрук - даводзіцца шмат завіхацца па гаспадарцы, зараз засяваюць агарод, але і час на сям’ю знаходзяць. Гаспадыня кажа: у выхаванні дзяцей больш цвёрдая яна, муж малых песціць.

За агульным сталом не хапае толькі старэйшага Сашы. Ён у Мінску на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Хлопец паказвае выдатныя здольнасці і вытрымку ў кросе на далёкія дыстанцыі. Бацькі цешаць сябе надзеяй, што юнак стане спартсменам.

Гаспадарка ў сям’і вялікая: дзве каровы, трое цялят, куры, гусі. Абавязак малодшых – карміць гадаванцаў. Старэйшыя выводзяць на поле бронзавага Булана і імкнуцца пракаціцца верхам.

Спачатку маладая сям’я жыла ў бацькоў. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці справілі наваселле. Шосты год ствараюць утульнасць як унутры, так і звонку фамільнага дома. Высаджваюць кветкі і упрыгожваюць панадворак.

За годнае выхаванне пецярых дзяцей і захаванне сямейных каштоўнасцяў Марыну Сяўрук сёння запрасілі ў Мінск па самую галоўную жаночую узнагароду - ордэн Маці.

Па традыцыі ў Дзень сям’і на сцэну выходзяць жанчыны, на якіх раўняюцца многія. Яны ахоўваюць сямейны ачаг, дабіваюцца поспехаў у кар'еры, але сакрэт іх шчасця і дабрабыту ў дзецях.

Дваццаць дзве жанчыны Мінскай вобласці сёння атрымалі ордэны мацярынскай доблесці і гонару. Прэстыж мацярынства расце. Толькі за апошнія тры гады колькасць сем'яў, што выхоўваюць трох і больш дзяцей, у вобласці павялічылася амаль на 2 тысячы.