Вызначаны лепшыя ўстановы адукацыі Мінска

12 февраля 2015

Так, першае месца прысуджана сярэдняй школе №73. Лепшай гімназіяй прызнана першая. А сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі лідзіруе сталічны каледж кулінарыі. У чым сакрэт поспеху выдатных навучэнцаў? Рэпартаж Надзеі Сербіненкі. 

 

Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі быў створаны больш за 50 гадоў таму. Ад лёгкага да складанага і больш практыкі – гэта аснова навучання ў каледжы. Каноны абслугоўвання гасцей у рэстаране, падача страў і нават правілы этыкету. Усё гэта будучыя афіцыянты спасцігаюць на лабараторных занятках.

У лепшым каледжы Мінска рыхтуюць не толькі афіцыянтаў-барменаў, але і прафесійных повараў ды кандытараў. Навучанне доўжыцца ад 8 месяцаў да 2 гадоў. Цікава, што большасць вучняў па спецыяльнасцях "повар" і "афіцыянт" – юнакі.

У гэтай лабараторыі праходзяць заняткі для будучых кандытараў. За 4 гадзіны яны павінны асвоіць тэхналогію прыгатавання дражджавога цеста і кандытарскіх вырабаў з яго. А ўсё неабходнае абсталяванне тут ёсць.

Яшчэ адна лепшая навучальная ўстанова Мінска – сярэдняя школа №73, што на Калініна. Галоўны профіль тут ужо шмат гадоў – нямецкая мова. Толькі на апошнім гарадскім этапе алімпіяды дыпломы розных ступеняў заваявалі амаль 10 старшакласнікаў. Зараз гэтыя вучні рыхтуюцца да ўдзелу на рэспубліканскім этапе.

Георгій Давыдаў, вучань 11 класа СШ № 73 г. Мінска: "Я лічу, што самае правільнае рашэнне - самае простае. Трэба проста вучыцца, шмат часу аддаваць падрыхтоўцы, рэпетыцыйным тэсціраванням, дадатковым заняткам. Гэта ўсё павінна дапамагчы".

Поспехі ў вучобе, якімі не заўсёды могуць ганарыцца нават прэстыжныя гімназіі, ажыццявіліся дзякуючы намаганням педагогаў. Ірына Лемантовіч на ўроку з васьмікласнікамі заўсёды выкарыстоўвае інтэрактыўную сістэму навучання. У яе арсенале - мультымедыйныя дошкі, відэа на нямецкай мове і жывая гутарка.

Мультыборды, электронныя дзённікі і міні-СТА для трэніровак будучых аўтамеханікаў. Што яшчэ ёсць у лепшых навучальных установах Мінска? Даведаемся ў праграме “Твой горад” у нядзелю.