Праўдзівасць прагнозаў надвор'я ў Беларусі на суткі - 96 працэнтаў

18 марта 2014
На брыфінгу, прысвечаным Сусветнаму дню метэаралогіі, гэта заявілі сіноптыкі. Дарэчы, сваё прафесійнае свята яны адзначаць у найбліжэйшую нядзелю, а на тыдні прэзентавалі новыя тэхналогіі і падыходы, якія дазваляюць прагназаваць надвор'е больш дасканала. Ці бывае ў прыроды дрэннае надвор'е і калі ў прагнозах можна будзе не сумнявацца?

Адказы шукала Антаніна Станкевіч.

Яны, бадай, лепш за іншых ведаюць: у прыроды няма дрэннага надвор'я. Варта толькі як след падрыхтавацца да любых, нават самых моцных капрызаў.

А між тым сёлета вясна пакуль балуе беларусаў. Вялікае затапленне ад Свіслачы і Бярэзіны жыхарам Барысаўскага і Пухавіцкага раёнаў чакаць не прыходзіцца. Сітуацыю могуць змяніць толькі вельмі моцныя дажджы. Але пакуль рэкі Мінскай вобласці ў адрозненне ад мінулага года ўстанавілі рэкордна нізкія паказчыкі пад'ёму ўзроўню вады.

А вось ці варта чакаць у найбліжэйшы час новых Хавераў або аналагічных катаклізмаў, сіноптыкі сказаць пакуль не могуць. Прадказаць такія прыродныя з'явы можна літаральна за 3-5 дзён, а то і за некалькі гадзін.

Увогуле, апраўдвальнасць прагнозаў надвор'я ў Беларусі на суткі сёння складае 96 працэнтаў. Задача максімум - давесці гэты паказчык да 99 працэнтаў.