Аплаткі - сімвал прымірэння і любові для католікаў

24 декабря 2018

Важны атрыбут Раства - аплаткі. Такі хлеб - сімвал прымірэння і любові для каталікоў - святыня. Яго гатуюць выключна ў манастырах. У Беларусі гэтыя святочныя пачастункі выпякаюць у Браславе, Баранавічах і Навагрудку.

Наталля Бардзілоўская пра сакрэты святочнай выпечкі.

Сем кілаграмаў мукі айчыннай вытворчасці вышэйшага гатунку. Дзесяць літраў вады. Такі замес для пяцісот прэсных аплатак. Да Раства ж навагрудскія манашкі пякуць больш за сто тысяч. Сёстры-назаратанкі забяспечваюць святочнымі сімваламі ўсю Гродзенскую дыяцэзію, Мінска-Магілёўскую і шмат іншых беларускіх касцёлаў.


Усё з маленнем. Сам працэс прыгатавання займае не больш чым гадзіну.
Гаспадынькі навагрудскага манастыра нам паказалі: гатовае цеста трэба выліць на патэльню, моцна прыціснуць на некалькі хвілін. Яно атрымаецца рэльефным, з каляднымі малюнкамі. Зрэшты, тут, на кухні, пяць вафельніц, і ў кожнай з дзясятак непаўторных ілюстрацый віфлеемскіх падзей. Вось падсмажаную вафлю кладуць у спецыяльную шафу – яна павінна напоўніцца вільгаццю, каб не быць крохкай.

Паўгадзіны - і размяклыя пласціны кладуць пад прэс. А пасля час фармавання. Вось гэтае прыстасаванне называюць гільяцінай. Яно патрэбна для нарэзкі хлебных аркушаў. Бяром адзін, кладзём на паверхню, націскаем – і атрымліваецца роўны край. І так па ўсіх баках, каб аплатка была роўнай.

Роўныя аплаткі ўпакоўваюць і адпраўляюць да адрасата. А рэшткі святочнага хлеба аддаюць птушкам. Раство - для манашак гарачая пара. Праца ў аплаткарні ручная. Але больш простая, чым у нашых папярэдніц, расказваюць сёстры і паказваюць нам манастырскі музей: тут рэчы былых манашак, тых самых адзінаццаці, што ў гады Вялікай Айчыннай загінулі ад рук акупантаў. На адной з музейных вітрын кухонны посуд тых гераічных назаратанак. Вось такім прыборам рабілі аплаткі на пачатку ХХ стагоддзя.

Ужо сёння ўвечары аплаткамі з Навагрудка будуць дзяліцца тысячы католікаў у сотнях беларускіх сем'яў. У тонкім далікатным хлебе вялікая сіла і моцны духоўны сэнс.
Некалькі гадзін – і ў Фарным касцёле Навагрудка вернікі і святары збяруцца, каб разам сустрэць Віфелеемскую зорку і павітаць нованароджанага Збавіцеля. Нараджэнне Хрыстовае ў сценах гэтага храма адзначаюць больш за 6 стагоддзяў.