Open air канікулы! Тэматычная летняя змена школьнікаў праходзіць ля Налібоцкай пушчы

8 июля 2020
Здабыць агонь без запалак ці змайстраваць шалаш у лесе. Менавіта так свой вольны час бавяць школьнікі - удзельнікі тэматычнай летняй праграмы, якую арганізавалі ў Стаўбцоўскім раёне, непадалёку ад Налібоцкай пушчы. Яна і стала галоўнай лакацыяй для пазнавальнага адпачынку пад адкрытым небам. 

Аляксандра Кавеліч сустрэлася з тымі, у каго канікулы праходзяць у фармаце open air.

Героі гэтага рэпартажу выбралі адпачынак без гаджэтаў і сучасных тэхналогій. Замест іх  гутаркі ля вогнішча або сплавы на байдарках. На два тыдні сталічныя школьнікі пераехалі ў Стаўбцоўскі раён, каб навучыцца жыць у дзікіх умовах, нават адчуць сябе ў ролі знакамітага персанажа Маўглі. 

Школьнікаў сустракаем на своеасаблівым уроку.  Трапна  страляць з арбалета ці лука - для гэтай каманды адно з абавязковых заданняў. Як і ўменне арыентавацца ў лесе ці здабываць агонь без запалак. 

Штодзень удзельнікаў тэматычнай праграмы чакае новае выпрабаванне. Усё выключна пад адкрытым небам. Але гэта не палохае школьнікаў. Багдан Бажыдай ужо  другі раз вяртаецца ў прыродны лагер па новыя ўражанні. 

У раскладзе таксама  асновы скалалажання, пераадоленне паласы перашкод і нават будаўнічыя майстар-класы. Напрыклад, як за некалькі гадзін зрабіць шалаш са спадручных матэрыялаў.

Тэматычную праграму  арганізуюць некалькі гадоў запар, каб дзеці не толькі набылі карысныя навыкі і загартавалі характар, але і навучыліся берагчы прыроду.

Дарэчы, штогод попыт менавіта на профільныя праграмы для дзяцей расце. Таму свае тэматычныя напрамкі развіваюць і ў вялікіх аздараўленчых лагерах. Сярод самых папулярных варыянтаў, як правесці канікулы з карысцю, таксама вывучэнне замежных моў і робататэхнікі.