ААН праводзіць мерапрыемствы новай праграмы "Інклюзіўная Беларусь"

5 ноября 2016

Мэта - далучыць насельніцтва да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці краіны. Прычым у кожнага агенцтва ААН свае напрамкі работы. Напрыклад, Дзіцячы фонд ЮНІСЕФ займаецца правамі дзяцей і падлеткаў, ЮНЭЙДЗ - прафілактыкай ВІЧ, Сусветная арганізацыя аховы здароўя клапоціцца пра стан здароўя. У Беларусі прадстаўлена 8 агенцтваў ААН, пра іх асноўныя праекты даведалася Ларыса Гулякевіч.

Ініцыятыў у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якая сёлета адзначае 71 год, даволі многа. Да 2030-га трэба выканаць 17 мэтаў устойлівага развіцця ва ўсім свеце. Сёлета асаблівая ўвага надаецца мэце нумар 10 - роўнасці. Гэта калі ўсе групы насельніцтва могуць паўнавартасна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці сваёй краіны. Усе мерапрыемствы аб'ядноўвае новая праграма - “Інклюзіўная Беларусь”.

Напрыклад, людзі з фізічнымі абмежаваннямі насуперак стэрэатыпам даказваюць адваротнае. Магчымасці ў кожнага чалавека бязмежныя. Як прыклад - залаты вынік паралімпійскага Кубку кантынентаў у Санкт-Пецярбургу. Такія людзі вучацца жыць па-новаму, нягледзячы на маламабільнасць - самастойна сябе абслугоўваюць, займаюцца хатнімі справамі, будуюць кар'еру, ствараюць сям'ю, дасягаюць поспехаў у розных сферах.

Праект "Інклюзіўная Беларусь" уяўляе сабой лагічны працяг маштабнага праекта "Экспрэс ААН", які летась стартаваў па гарадах Беларусі. Як будаваць жыццё без шкоды для будучых пакаленняў? Адказы ў 17-ці мэтах устойлівага развіцця.

Санака Самарасінха, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі: "У мінулым годзе мы адзначалі 70-годдзе ААН, падпісвалі дэкларацыі ўстойлівага развіцця ў кожным рэгіёне Беларусі, аднак зараз надыходзіць час для цяжкай працы. Сёлета мы пачынаем рэалізоўваць усе планы. І тут галоўную ролю адыгрываюць дзве асноўныя рэчы. Першае - гэта асабісты ўдзел у паляпшэнні нашага жыцця і другое - гэта знайсці карысць для сябе ў гэтых праектах".

Інклюзіўная Беларусь - гэта грамадства роўных магчымасцяў. Бежанцаў, нацыянальных меншасцяў, людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІД, пажылых людзей, дзяцей без бацькоўскай апекі.

Адна з праблем - ВІЧ/СНІД - застаецца актуальнай не толькі ў Беларусі, але і на ўсім зямным шары. Арганізацыя ЮНЭЙДС, якая была створана ў 1996 годзе, працуе ў партнёрстве з ААН. Падчас міжнароднай канферэнцыі ў Мінску, на якую завітаў намеснік Выканаўчага дырэктара ЮНЭЙДС доктар Луіс Лорэс, былі падпісаныя адпаведныя дакументы з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Каманда ЮНЭЙДС разам з тэлевядучымі Белтэлерадыёкампаніі прапануе ўсім праходзіць тэсты на інфіцыраванне.

Наша краіна, якая з'яўляецца галоўным партнёрам ААН з самага моманту яе заснавання, падтрымлівае ўсе ініцыятывы арганізацыі. Пераход да зялёнай эканомікі, стварэнне безбар'ернага асяроддзя, прафілактыка і лячэнне розных захворванняў - усе праекты спрыяюць развіццю грамадства ў цэлым і кожнага чалавека ў прыватнасці.