Ён пайшоў, але засталася яго музыка. Не стала Ігара Лучанка

13 ноября 2018

Ён пайшоў, але засталася яго музыка. Не стала Ігара Лучанка, майстра, які здолеў стаць аднолькава блізкім і зразумелым розным пакаленням. Народны артыст Беларусі і СССР пайшоў з жыцця на 81-ым годзе. Спачуванне ў сувязі са смерцю народнага артыста СССР яго родным, блізкім і калегам накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Творчасць Ігара Лучанка стала візітоўкай краіны. Кампазітар-акадэміст і аўтар рок-оперы напісаў больш за 300 твораў. Сярод іх такія народныя шлягеры, як "Алеся", "Полька беларуская", "Мой родны кут", "Майскі вальс".

Міхаіл Фінберг, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст Беларусі: "Ігар Лучанок. Я заўсёды яго называў Янка Купала. Гэта чалавек, які з'яўляецца візітоўкай нашай роднай Бацькаўшчыны. Гэта чалавек, які вельмі паважаў і любіў беларускае слова, гэта чалавек, які вельмі любіў беларускую паэзію, які напісаў вельмі шмат твораў, якія будуць жыць шмат-шмат вякоў".

Уладзімір Правалінскі, заслужаны артыст Беларусі, спявак:

"Вялікі смутак у нашай дзяржаве, таму што памёр выбітны чалавек. І не толькі як кампазітар, але ён з вялікім сэрцам чалавек. Гэта эпоха, эпоха ўсяго Савецкага Саюза, таму што Ігар Міхайлавіч выступаў усюды. Мы з ім і за мяжой выступалі, і на Паўночным флоце некалькі разоў выступалі. І дзе б ён ні быў, яго прымалі і любілі як чалавека, як кампазітара".

Цырымонія развітання з Ігарам Лучанком пройдзе заўтра з 11 да 14 гадзін у сталічным Доме афіцэраў. Пахаваюць знакамітага кампазітара на Маскоўскіх могілках.