Ён паехаў на заробкі, а трапіў у працоўнае рабства

14 февраля 2013
Доўгая дарога дадому мазыраніна Мікалая Шпака сёння, нарэшце, падышла да канца. Вызвалены з працоўнага рабства ў Арэнбургскай вобласці мужчына вярнуўся да сям'і. На заробкі ён паехаў яшчэ ў 2001, і з тых часоў родныя атрымалі ад яго ўсяго адну тэлеграму. А год таму мужчыну нават прызналі памерлым.
Гадавалы Жэня ўпершыню ўбачыў дзядулю сёння раніцай. І зараз, як быццам адчуваючы шматгадовую трывогу дарослых, не адыходзіць ад яго ні на хвіліну. Яму пакуль не зразумець, чаму ўсе так радуюцца з'яўленню гэтага чалавека.
12 гадоў таму Мікалай Шпак паехаў на заробкі. Апынуўся ў Арэнбургскай вобласці ў будаўнічай фірме. Спачатку працаваў за зарплату, але аднойчы аддаў пашпарт прарабу. З тых часоў свайго галоўнага дакумента больш не бачыў, а працаваць стаў за ежу і прытулак. У такім бяспраўным становішчы мужчына быў некалькі гадоў. Потым яму ўдалося ўцячы. Прытуліў яго ўладальнік рыбнай фермы, але на тых жа ўмовах.
Пакуль Мікалай працаваў на будоўлях Расіі, сваякі ў Беларусі пра яго лёс нічога не ведалі. Адзіную тэлеграму атрымалі гадоў 8 таму. Спрабавалі шукаць, пісаць, але безвынікова. Год таму Мікалая Аляксандравіча прызналі прапаўшым без вестак. А сям'і выдалі пасведчанне аб смерці. Таму лёгка зразумець, як здзівілася яго сястра, калі незнаёмы чалавек патэлефанаваў ёй і сказаў, што брат жывы.
Вяртацца ў Беларусь Мікалаю дапамагалі ўсім светам. Спачатку вяскоўцы ў Арэнбургскай вобласці, потым валанцёры і дыпламаты. Уз'ядналася сям'я толькі напярэдадні. У Мінску Мікалая Шпака сустракалі сястра і дачка.
Зараз гісторыю расійскага перыяду жыцця Мікалая Шпака вывучаюць праваахоўнікі Беларусі і Расіі, каб даць прававую ацэнку дзеянням яго былых работадаўцаў.
Сам герой гэтай гісторыі пасля 12-гадовых нягод хоча толькі аднаго - хутчэй пра ўсё забыць. І зноў здабыць сям'ю і сяброў.