Алімпіяда "Пабудуем будучыню разам" стартавала ў Любані

21 мая 2020
Інтэлектуальнае анлайн-тэсціраванне праводзіцца сярод выпускнікоў школ і ўключае заданні па матэматыцы і фізіцы. 

Асноўная мэта - прыцягнуць мясцовую моладзь да працаўладкавання на Нежынскім горна-абагачальным комплексе, дзе ў наступным годзе спатрэбяцца маладыя спецыялісты горна-тэхналагічнага профілю.

Іван Сенажацкі і Яўген Шыла з Любані, як і ўсе выпускнікі, хутка зробяць першыя крокі да будучай прафесіі. Наперадзе адказныя экзамены і тэсціраванне. А пакуль своеасаблівая рэпетыцыя. Вучні 1-й Любанскай школы сталі ўдзельнікамі анлайн-алімпіяды - сумеснага праекта кампаніі "Слаўкалій" і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. 

Анлайн-тэсціраванне ахоплівае дакладныя прадметы - матэматыку і фізіку. За дзве гадзіны неабходна выканаць 20 заданняў. 

Для выпускнікоў гэта не толькі шанц праверыць свае веды, але і атрымаць карысныя бонусы. Тым, хто потым абярэ спецыяльнасці горнатэхнічнага профілю, дадуць гранты, месца ў інтэрнаце, а галоўнае, гарантаванае працаўладкаванне. 

У адной з вядучых ВНУ краіны - Нацыянальным тэхнічным універсітэце - такі сумесны праект лічаць паспяховым і перспектыўным. Сусветны вопыт даказвае эфектыўнасць такога супрацоўніцтва. 

Першыя тоны калійнай руды тут плануюць здабыць ужо ў наступным годзе. Для гэтага спатрэбяцца паўсотні спецыялістаў горна-тэхналагічнага профілю: інжынераў, хімікаў-тэхнолагаў, маркшэйдараў. Сярод іх абавязкова будуць і сённяшнія выпускнікі.