Алег Навіцкі вяртаецца на Зямлю

2 июня 2017

197 дзён у бязважкасці: сёння наш суайчыннік, Герой Расіі, касманаўт Алег Навіцкі вяртаецца на Зямлю. У 13:47 прайшла расстыкоўка апарата з МКС. Пасадка запланаваная на 17:10 на паўднёвым усходзе Казахстана. Трансляцыя ідзе з цэнтра кіравання палётамі ў Каралёве Маскоўскай вобласці. За вяртаннем назіраюць журналісты з Расіі, Беларусі і Францыі. Разам з Алегам Навіцкім у апараце - французскі астранаўт Тама Песке.

За больш як паўгода працы ў космасе праведзена паўсотні навуковых даследаванняў.

Для Алега Навіцкага гэта другі палёт. У гэтай экспедыцыі ён быў камандзірам экіпажа. Увесь гэты час з Алегам Навіцкім быў дзяржаўны флаг Беларусі: на ім - афіцыйныя адзнакі пра даты стыкоўкі і расстыкоўкі карабля "Саюз МС-03" з міжнароднай касмічнай станцыяй. Пасля вяртання Алег Навіцкі перадасць яго ў Музей беларускага пасольства ў Маскве.