Навакольнае асяроддзе без бар’ераў

25 июня 2015

Рэспубліканскі семінар па стварэнні камфортнага для ўсіх асяроддзя ладзіцца ў сталіцы.  Сёння ўдзельнікі наведваюць шэраг грамадска-сацыяльных аб’ектаў і ацэньваюць узровень іх даступнасці для інвалідаў. Першыя ў спісе -  чыгуначны вакзал і "Чыжоўка-Арэна". Чаго не хапае гораду, каб людзям з абмежаванымі магчымасцямі жылося прасцей? Ведае Наталля Кузьміцкая.

 

Мазырчанка Ганна Шумак  апошнім часам вельмі часта карыстаецца паслугамі чыгункі.  Раз’яздны рытм жыцця звязаны з яе дзейнасцю: дзяўчына працуе з транспартнымі кампаніямі інструктарам па суправаджэнні.

Праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі часцяком узнікаюць і падчас заказу білетаў, з-за высокага акенца  дыспетчар не заўсёды можа пачуць, што пасажыру неабходны менавіта спецыялізаваны вагон.

З 2008 года на чыгуначным вакзале выкарыстоўваюць вагоны з пад’ёмнікамі для калясачнікаў. Такія саставы адпраўляюцца як у далёкія, так і блізкія падарожжы.

Да таго ж з міжнароднымі вакзаламі наладжана сувязь, дзякуючы якой на чыгунцы заўсёды гатовыя як след прыняць асаблівага пасажыра.

Сёння ў сталіцы пражывае амаль 120 тысяч інвалідаў, сярод іх  калясачнікі, інваліды па зроку і іншыя. Менавіта таму пытаніі развіцця безбар’ернага асяроддзя патрабуюць асаблівай увагі.

З 2011 года ў Мінску рэалізуецца праграма па развіцці безбар’ернага асяроддзя. За гэты час у горадзе абсталяваны 91 падземны пераход, 75 рухомых платформ, 14 ліфтаў і  2 эскалатары. Работа па стварэнні камфортных умоў для маламабільных грамадзян працягваецца.