Каля трохсот грузавікоў чакаюць чаргі на мяжы з Літвой

28 июля 2017

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі пракаменціраваў сітуацыю з чэргамі грузавікоў на мяжы з Літвой.

Як паведамілі ў ведамстве, літоўскі кірунак - адзін з самых папулярных як для перавозчыкаў, так і для звычайных людзей. У першую чаргу скопішча фур на выезд з краіны звязана з нерытмічным прыёмам аўтамабіляў і збоямі інфармацыйных сістэм на сумежным баку. Акрамя таго, чаргу можна растлумачыць тым, што перавозчыкі ў большасці выпадкаў выбіраюць беларуска-літоўскую мяжу, а не беларуска-польскую з-за абмежаванняў на ўвоз паліва ў Польшчу.

Паводле апошніх звестак Дзяржпагранкамітэта, больш за ўсё машын зараз чакаюць выезд з Беларусі ў пункце пропуску Каменны Лог - каля трохсот аўтамабіляў. У Беняконях і Прывалцы прыкладна па сто фур. А менш усяго вялікагрузаў стаіць зараз у пункце пропуску Катлоўка - 80 аўтамабіляў. Адзначу, што на ўезд у Беларусь чэргі адсутнічаюць.