Каля паўсотні тысяч прадстаўнікоў Белай Русі прымуць удзел у выбарчай кампаніі - 2015

15 ноября 2014

Каля паўсотні тысяч прадстаўнікоў самага аўтарытэтнага грамадскага аб'яднання краіны прымуць удзел у выбарчай кампаніі - 2015. Сёння ў Мінску Белая Русь абмеркавала і прыняла план падрыхтоўкі і ўдзелу арганізацыі ў галоўнай палітычнай падзеі будучага года. Як заявіў журналістам кіраўнік Белай Русі Аляксандр Радзькоў, асноўнае прызначэнне найбуйнейшага аб'яднання палітычнай накіраванасці - кансалідацыя грамадства каля моцнага нацыянальнага лідара, і маючыя адбыцца выбары Прэзідэнта Беларусі для Белай Русі свайго роду момант ісціны. З залы Палаца Рэспублікі - рэпартаж Кацярыны Бірэцкай.


Гэтыя дзверы афіцыйна адчыніліся ў 2009. Колькасць пісьмовых і асабістых зваротаў за гэты час ідзе на тысячы. Але акцэнт тут, як, зрэшты, і ва ўсіх без выключэння грамадскіх прыёмных Белай Русі, а іх сёння ў краіне ўжо амаль 170, робяць на канкрэтны вынік. Бо галоўная ідэя - не проста выслухаць, а пачуць і дапамагчы кожнаму. А, адпаведна, быць у курсе тых праблем, якія хвалююць сёння беларусаў і якія трэба вырашаць, каб развівацца як мірная і незалежная краіна.


Толькі сёлета ў грамадскіх прыёмных Белай Русі ўжо разгледзелі 3810 зваротаў грамадзян. Дакладныя лічбы сёння прагучалі ў Мінску на пашыраным пасяджэнні савета грамадскага аб'яднання. І прагучалі яны зусім невыпадкова. Менавіта на грамадскія прыёмныя, у тым ліку, робіць стаўку Белая Русь пры падрыхтоўцы да галоўнай палітычнай падзеі 2015-га.


Для Белай Русі, заявіў сёння кіраўнік аб'яднання, маючыя адбыцца выбары Прэзідэнта - свайго роду момант ісціны. Бо глабальная задача арганізацыі палітычнай накіраванасці, падкрэсліў Аляксандр Радзькоў, гэта кансалідацыя грамадства каля моцнага нацыянальнага лідара.


Аляксандр Радзькоў, старшыня РГА Белая Русь, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: Каб кансалідацыю ажыццявіць, патрэбны не проста словы, патрэбныя дзеянні, патрэбна арганізацыя. Наогул, калі працэсы арганізаваны, тады яны могуць быць паспяховыя, гэта працэсы ў вытворчасці, у навуцы, у творчасці, асабліва ў развіцці дзяржавы, у тым ліку грамадства. Вось Белая Русь і прызначана шмат у чым для арганізацыі грамадства, для кансалідацыі каля нацыянальнага лідара.


І гэту ісціну добра ўсведамляюць больш за 150 тысяч беларусаў - менавіта столькі актыўных людзей сёння ў Белай Русі. У выбарчай кампаніі, як заявілі на савеце ў Мінску, прымуць удзел больш за 50 тысяч. На ўсіх этапах - ад збору подпісаў і агітацыі да назірання за галасаваннем на ўчастках і працы ў выбарчых камісіях.


Апроч жадання і магчымасцяў у Белай Русі ёсць і, мабыць, самае галоўнае - вопыт. У мінулым ужо ні адна выбарчая кампанія, а наколькі моцная ў іх была арганізацыя - сёння гавораць тыя, на каго яна аднойчы зрабіла стаўку.


У той жа час, гавораць у Белай Русі, трэба ўлічваць і тое, што свет імкліва змяняецца. І тут быць, як гавораць, у трэндзе дапамагае праца з моладдзю. Да іх у аб'яднанні прыслухоўваюцца вельмі ўважліва.


Адна з нестандартных ідэй ад моладзі, што прагучала сёння на савеце, арганізаваць напярэдадні выбараў свайго роду каманды айцішнікаў, якія б рэальна працавалі з выбаршчыкамі, чыё жыццё праходзіць у асноўным у свеце віртуальным. Выпускаць з-пад увагі гэту аўдыторыю ў сучасным свеце, мякка кажучы, недаравальна. Ад інтэрнэт-прасторы перайшлі ў цэлым да інфармацыйнага грамадства і да інфармацыйнай падтрымкі палітычнай кампаніі будучага года.


Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: Наша задача агульная - забеспячэнне добрай атмасферы і сумленнага погляду на тыя праблемы, якія ёсць у нашым грамадстве, і правядзенне максімальна адкрытых, сумленных, прынцыповых выбараў.


Усё, што было дэталёва прапрацавана і прадумана загадзя, у Палацы адобрылі. План падрыхтоўкі і ўдзелу самага аўтарытэтнага грамадскага аб'яднання ў галоўнай палітычнай кампаніі 2015 быў прыняты аднагалосна. Хоць і з адной абавязковай умовай - дапоўніць афіцыйны дакумент тымі прапановамі і ідэямі, якія ўпершыню прагучалі сёння. Тое, што гэта будзе зроблена, сумненняў няма. Як, зрэшты, і ў тым, што ўсе гэтыя ініцыятывы будуць рэалізаваны. Бо з самага першага дня стварэння Белая Русь заваёўвае аўтарытэт і давер беларусаў не словамі, а справамі.