Каля Палаца спорту адкрыўся кірмаш Шчодры верасень

7 сентября 2013

Лепшая прадукцыя прадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. Сёння ў Мінску каля Палаца спорту адкрыўся кірмаш Шчодры верасень. Вялікі выбар агародніны, садавіны, мяса-малочных і іншых нехарчовых тавараў у асартыменце ад 75 беларускіх вытворцаў.


Чым яшчэ прывабліваюць мінчан на кірмашы, даведаўся Аляксандр Харавец. На пляцоўцы каля Палаца спорту сёння разгарнуўся сапраўдны гіпермаркет. На шасці тысячах квадратных метраў прадэманстраваны шырокі асартымент самых розных тавараў ад 75 беларускіх вытворцаў. Тут і садавіна, агародніна, мясныя і кандытарскія вырабы, адзенне, абутак - у пакупнікоў ад разнастайнага выбару вочы разбягаюцца.


Кацярына Тальмакова - аматар кірмашоў са стажам. Кожную восень любімае месца для пакупак - пляцоўка у цэнтры Мінска. На сённяшні шопінг выйшла разам з мужам і маленькім сынам.


Калі агародніну добра ўжываць як гарнір, то ў якасці асноўнага блюда лепш за ўсё рыба. Тым больш свежая. Карп, таўсталобік, карась - далёка не ўвесь асартымент кірмашу. Каб парадаваць мінчан, рыбаловы яшчэ і цэны на жывую рыбу знізілі.


Прадэгуставаць навінкі мясных, малочных або салодкіх вырабаў можа любы ахвотнік.


Арганізатары свята паклапаціліся і пра дзяцей. Пакуль дарослыя робяць пакупкі, падрастаючае пакаленне бавіць час у вясёлых конкурсах.


Шчодры верасень - своеасаблівы старт сельскагаспадарчым кірмашам. Літаральна праз тры тыдні такія пляцоўкі адкрыюцца ў кожным раёне сталіцы.


Атрымліваецца - ідзеш на кірмаш, а трапляеш на свята.


Набыць сакавітай і карыснай прадукцыі можна сёння і заўтра да 17 гадзін. Шырокага асартыменту тавараў, прымальных цэн і добрага настрою хопіць усім ахвотнікам.