Каля 40 участкаў для галасавання будзе створана за мяжой

8 июля 2015

Прэзідэнцкую выбарчую кампанію, ролю нашай краіны ў геапалітыцы абмеркавалі дыпламаты Беларусі ў сценах Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. На занятках сёння прысутнічала і Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Усе падрабязнасці ў Кацярыны Шыбко.

Семінар для кіраўнікоў замежных устаноў Беларусі будзе праходзіць на працягу тыдня, але ў аўдыторыях Акадэміі кіравання яны прабудуць толькі два дні. У раскладзе дыпламатаў - наведванне беларускіх прадпрыемстваў. Ужо запланаваныя сустрэчы з топ-менеджарамі МАЗа, БелАЗа, а таксама прадстаўнікамі канцэрнаў "Белдзяржхарч" і "Беллегпрам".

Тэма экспарту і дыверсіфікацыі рынкаў на гэтым семінары гучыць, мабыць, часцей за ўсё. Зразумела, бо адзін з паказчыкаў цёплых адносін паміж краінамі - тавараабарот.

Беларускія вытворцы разумеюць - засяроджвацца толькі на адным рынку першапачаткова нявыйгрышна. І тут, безумоўна, важная праца не толькі знешнеэканамічных аддзелаў гэтых прадпрыемстваў. Спецыяльная місія ў супрацоўнікаў нашых дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў у іншых краінах.

Андрэй Савіных, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Турцыі і Іраку па сумяшчальніцтве:

"Асаблівую ўвагу ў Турцыі, напрыклад, мы надаем развіццю навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Першым чынам, па лініі нашай Акадэміі навук. Зараз актыўна развіваем кантакты інавацыйных тэндэраў. Беларуска-турэцкія адносіны маюць вялізны патэнцыял. Мы ўсё гэта ведаем. Турцыя прэтэндуе на статус рэгіянальнай дзяржавы".

Валерый Садоха, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў В'етнаме, Камбоджы, Лаосе, М'янме і Тайландзе па сумяшчальніцтве:

"Рынак у Паўднёва-Усходняй Азіі вельмі цікавы, там няма эканамічнага крызісу, у прыватнасці, ва В'тнаме і суседніх дзяржавах, там рост валавога прадукта 5-7 працэнтаў, таму рынак гатовы да таго, каб нашы тавары там прысутнічалі. І будучыня наша на гэтых рынках звязана з тым, каб мы змаглі там вырабляць нашу прадукцыю разам з в'етнамскімі таварышамі".

Новыя магчымасці зараз адкрываюцца і на рынках Еўропы. Беларусы, напрыклад, са сваімі калегамі з Францыі і Іспаніі стварылі спецыяльныя міжпарламенцкія камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Яшчэ адна важная тэма, якую сёння абмяркоўвалі дыпламаты ў альма-матар, - выбарчая кампанія. Зараз - перыяд падачы заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, і ўжо на наступным тыдні могуць быць агучаныя яе першыя вынікі.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў:

"Што датычыцца ініцыятыўных груп, то я магу сказаць, ніводная заява ў Цэнтральную камісію не пададзена. Але тут можна зразумець кандыдатаў - навошта спяшацца - усё роўна, яны вылучацца змогуць толькі 23 ліпеня. Відавочна, у іх ёсць пэўныя праблемы альбо шліфуюць спісы сваіх ініцыятыўных груп. На наступным тыдні мы іх чакаем. З 13 ліпеня тыдзень будзе плённым. І тады мы зможам выбаршчыкам расказаць аб першых будучых прэтэндэнтах."

Беларусь па-ранейшаму адкрытая для назіральнікаў за выбарамі. Паводле слоў кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, запрашэнні ўжо накіраваныя ва ўсе міжнародныя арганізацыі. Усе ўмовы для галасавання будуць створаныя і для беларусаў, якія пражываюць за мяжой. Сёлета плануюць адкрыць каля 40 выбарчых участкаў пры пасольствах і консульствах.

Ледзь пазней да вучобы дыпламатаў далучацца і іх жонкі. Паводле традыцыі, для іх падрыхтаваная асобная праграма, падчас якой будуць абмяркоўвацца нюансы дыпламатычнага пратакола і дабрачынныя праекты.