Каля 300 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце рыхтуюцца сустрэць Раство Хрыстова

6 января 2016

Сёння ўвесь праваслаўны свет у чаканні аднаго з самых вялікіх і светлых святаў - Раства Хрыстова. Гэта дзень, які аб'ядноўвае людзей атмасферай дабра і міласэрнасці і дорыць надзею на светлую будучыню. У гэты вечар у кожным доме запальваюцца свечкі, а сям'я збіраецца разам.

Вернікі праводзяць яго з асаблівымі пачуццямі - радасці і пакоры. Каля 300 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце рыхтуюцца сустрэць Раство. І гэта не толькі праваслаўныя, але і католікі ўсходняга абраду, а таксама вернікі старажытных усходніх цэркваў - Егіпецкай, Сірыйскай, Эфіёпскай. Гэтым вечарам святочныя службы пройдуць у Расіі, Украіне, Грузіі, Балгарыі, Грэцыі, Малдове і на Балканах. У Віфлееме кіраўнік Грэка-праваслаўнай царквы Патрыярх Іерусаліма Феафіл Трэці здзейсніць службу над гротам, дзе, паводле хрысціянскіх павер'яў, з'явіўся на свет Ісус Хрыстос.