Каля 2 500 аб'ектаў грамадскага харчавання акажуць свае паслугі гасцям і ўдзельнікам II Еўрапейскіх гульняў

8 июня 2019

Кожны зможа знайсці для сябе сваю страву, а таксама даведацца, якая на смак Беларусь.

Чым накормім гасцей? З меню азнаёмілася Юлія Хмель. Чым адрозніваецца верашчака ад клёцак і як правільна падаваць калдуны Мукабары Вадзі Якуб ведае не горш за прызнаных беларускіх шэф-повараў. Сірыец жыве ў нашай краіне ўжо 35 гадоў. Пяць з іх займаецца турызмам - запрашае падарожнікаў з Персідскага заліва пазнаёміцца з беларускай культурай, у тым ліку і з нацыянальнай кухняй. А вось Аус Рубеі прыехаў з Ірака нядаўна і паспеў пакаштаваць толькі боршч. Таму сёння з радасцю дэгустуе яшчэ адну страву - запечаную індычку з яблыкам.

Боршч, дранікі, клёцкі, мачанка - уладальнікі кафэ ўлічваюць запыты спажыўца. Пры гэтым разумеюць: патрабавальнага турыста толькі такімі стравамі ўжо не здзівіш. Зараз набірае папулярнасць сучасная беларуская кухня. Напрыклад, катлета са шчупака, свініна ў сене і дранікі наадварот - спецыяльная каша з бульбы з грыбамі. Суп з бычыных хвастоў самы папулярны сярод як беларусаў, так і турыстаў. Гэтую страву любяць не толькі за смак, але і арыгінальную падачу. Напрыклад, мяса доўга тушыцца, каб смак атрымаўся пікантным і вытанчаным. Яшчэ адметна тое, што гатуюць страву з прадуктаў беларускіх фермераў. Уласна, як і каля 60 працэнтаў іншых страў у меню. Ад Амерыкі і да ўсходніх краін - афіцыянты знойдуць мову з кожным. А меню прапануюць на рускай, англійскай і кітайскай. Зрэшты, у некаторых кафэ да Еўрапейскіх гульняў рыхтуюцца дасканала - для персаналу нават арганізавалі заняткі па замежнай мове.

Не толькі ежай здзівяць турыстаў. Кожная ўстанова ўжо прадумвае свае фішкі, каб запомніўся не толькі паход у кафэ, але і само падарожжа ў Беларусь. Таму сімволіку Еўрапейскіх гульняў тут таксама ўлічаць.

А для тых, у каго будзе карта госця, шэраг кафэ прапануе зніжку на меню ад 5 да 20 %. Увогуле, балельшчыкаў чакаюць не менш чым спартсменаў. Для атлетаў, дарэчы, прадугледжаны асаблівы рацыён у студэнцкай вёсцы.

Усяго ў Мінску працуе каля дзвюх з паловай тысяч аб'ектаў грамадскага харчавання. Пакаштаваць беларускую нацыянальную кухню можна больш чым у 50 установах. А для тых, хто застанецца верны звыклым смакам, руская, украінская, кітайская, японская, грузінская - у цэлым каля 30 кухняў. Арганізатары абяцаюць накарміць усіх.