Афіцыйна пачаў вяшчанне новы рэгіянальны тэлеканал "Беларусь 4. Брэст"

15 декабря 2015

16 гадзін вяшчання за суткі, прамыя трансляцыі, ток-шоу і самыя свежыя навіны! Сёння з сямі раніцы афіцыйна пачаў вяшчанне новы рэгіянальны тэлеканал "Беларусь 4. Брэст". Сімвалічную кнопку запуску ў эфір націснулі Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька і кіраўнік рэгіёна Анатоль Ліс.

Кантэнт новай медыйнай пляцоўкі складуць у першую чаргу праекты, створаныя карэспандэнтамі, рэжысёрамі і аператарамі тэлерадыёкампаніі "Брэст". А героямі рэпартажаў можа стаць амаль кожны жыхар рэгіёна. Мэтавая аўдыторыя новага канала - ад шасці гадоў і старэй. У вяшчальную сетку ўвойдуць мастацкія і мультыплікацыйныя фільмы, дакументалістыка. Асаблівую ўвагу нададуць гісторыі і культуры рэгіёна. Канал пазіцыянуе сябе як хатні.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Тэлеканал "Беларусь 4. Брэст" павінен стаць сябрам, членам сям'і. І калі брэстаўчане, жыхары Брэсцкай вобласці і Брэста будуць уключаць канал "Беларусь 4. Брэст", гэта павінна стаць звычкай. Яны павінны быць упэўненыя, што атрымаюць самую свежую, самую цікавую інфармацыю менавіта пра сваё жыццё".

Ларыса Дабрадомава, дырэктар тэлерадыёкампаніі "Брэст": "Я думаю, што мы ўсе хвалюемся. Вядома, мы разумеем усю меру адказнасці. Мы разумеем, што працы дадасца. Калісьці ў нас быў свой канал, мы маем вопыт працы на сваім канале. Удачы, поспехаў усім сваім калегам і, вядома ж, тэлегледачам, таму што гэта наш агульны рэгіянальны канал".

Зараз вяшчальная прастора рэгіянальнага канала "Беларусь 4" ахоплівае ўсе абласныя цэнтры, за выключэннем цэнтральнага рэгіёна. Канал даступны гледачам на 44-й кнопцы, а таксама ў сетках кабельных аператараў і інтэрактыўнага тэлебачання Zala.