Дзьмухаўцы вяртаюць сабе былую вядомасць

25 мая 2013
Амерыканскі пісьменнік-фантаст Рэй Брэдберы з іх гатаваў віно, кітайцы вырошчваюць як агародніну, а беларусы лічаць пустазеллем і разам з тым ахвотна вараць з яго варэнне. Дзьмухаўцы вяртаюць сабе былую вядомасць. Мода на старажытны мядовы ласунак прымушае беларусаў зараз, у разгар сезона, збіраць жоўтыя капелюшы і гатаваць з іх далікатэс.

Смак першага майскага дзьмухаўца пакаштавала і Аксана Шыдлоўская.
Дзьмухавец - расліна супярэчлівая. Дзеці ад сонечных кветак у захапленні, асабліва, калі пялёсткі ператвараюцца ў лёгкія парашуцікі. Лепшай забавы, як дзьмуць на белы шар, малым і не трэба. Ну, а вянок з дзьмухаўцоў - любімае дзявочае ўпрыгажэнне.
А вось у дачнікаў пустазелле такога замілавання не выклікае. З газона яго вывесці нялёгка. Сёлета сонечныя кветкі расцвілі раней чым звычайна на два тыдні і літаральна запаланілі наваколле.
У Беларусі дзьмухаўцы растуць усюды - і абапал дарогі, і на полі, і на падворку, чаго не скажаш пра іншыя краіны. Напрыклад, у Францыі, Аўстрыі, Індыі і Японіі жоўтага лекара вырошчваюць на спецыяльных плантацыях, бо ведаюць пра яго карысныя для здароўя ўласцівасці.
Наталля Луніна, кандыдат біялагічных навук Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі: Аказваецца, і ў лістах, і ў корані шмат карысных для чалавека рэчываў: вітаміны В12 С, РР, жалеза, магній. З вясенніх лістоў робяць і ў Еўропе, і ў нас салату. Каб горыч знікла, трэба вымачыць у падсоленай вадзе 30 хвілін.
Ірына Уладзіміраўна як заўзятая дачніца і гурман з дзьмухаўцамі пасябравала даўно. І як толькі на лузе ў маі з'яўляюцца першыя жоўтыя кветкі, з задавальненнем збірае іх. Рэцэпт прыгатавання бурштынавага варэння з дзьмухаўцоў яна ведае яшчэ ад сваёй бабулі.
Ірына Гаціла, дачніца: Збіраем адразу ў той посуд, у якім будзем гатаваць, каб пылок не абсыпаўся.
Чатыры сотні жоўтых капялюшыкаў заліваюць кіпенем, ноч настойваюць, затым працэджваюць і вараць з кілаграмам цукру 20 хвілін. Празрыстае, смачнае варэнне не проста экзатычны ласунак, а і скарбонка здароўя.
Ірына Гаціла, дачніца: Лічыцца, што ён карысны для ачысткі печані, пры бранхітах, астме. Вельмі карысна прымаць раніцай з зялёным чаем. На смак атрымліваецца як мёд, горычы зусім няма.
Ахвотнікаў пакаштаваць смак вясны і лета з кожным годам усё больш. Прыйшла мода на сваю экзотыку. Цяпер бабуліна варэнне з кабачкоў, фізалісу і дзьмухаўцоў ізноў у навіну!