Адно з найбуйнейшых пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны знойдзена пад Гомелем

10 октября 2018

Месца, дзе масава расстрэльвалі людзей, выявілі мясцовыя жыхары. Да справы падключыліся вайскоўцы. Знойдзена каля сотні шкілетаў. Аднак, паводле папярэдняй ацэнкі, іх тут можа быць тысячы: брацкая магіла цягнецца амаль на кіламетр. Работы прадоўжацца да канца кастрычніка. На месцы раскопак пабывала Ганна Кавалёва.

Абяцанне, дадзенае салдату, выканаў Уладзімір Котаў. Пару гадоў таму купіў архіўныя аэраздымкі. На фота дакладна бачная траншэя, у якую падалі людзі. Мужчына звярнуўся да мясцовых улад, справа зрушылася. Вясной гэтага года вайскоўцы пачалі разведку на мясцовасці. Зараз стадыя актыўных раскопак.

З пачатку пошукавай аперацыі падняты астанкі 91 чалавека. Сярод іх 23 вайскоўцаў, астатнія - мірных жыхароў.

Паводле гістарычных звестак, у пачатку вайны ў гэтым месцы людзі самі выкапалі супрацьтанкавы роў, які і стаў для іх брацкай магілай.

Гісторыкі мяркуюць, што тут могуць знаходзіцца тысячы астанкаў.

У дзяржархіве Гомельскай вобласці дагэтуль захоўваецца вось гэты дакумент: акт ад 20 мая 44-га. У ім гаворыцца, што трыма гадамі раней, у 41-м, немцы занялі сяло Краснае і пачаліся масавыя расстрэлы.

Праўда, дакладнае месца ўдалося знайсці толькі праз 77 гадоў. Магіла ахвяр вайны даўжынёй амаль кіламетр. Пасля вайны яе зраўнавалі з зямлёй. Сёння жыхары Краснага пацягнуліся да месца раскопак, каб прапанаваць дапамогу: хто тэхнікай, хто рабочымі рукамі.

Астанкі загінуўшых плануюць перапахаваць па ўсіх правілах. А мясцовыя жыхары мараць, каб на гэтым месцы ўзвялі мемарыял з капліцай у памяць аб ахвярах вайны.