Адна ноч да старту вучэнняў "Захад-2017"

13 сентября 2017

Давесці да дасканаласці зладжанасць кіравання войскамі. Адна ноч засталася да старту вучэнняў "Захад-2017", Міністэрства абароны праводзіць папярэдні брыфінг. Аснова нязменная - толькі абарончы характар. Тэматыка - падрыхтоўка войскаў у інтарэсах бяспекі Саюзнай дзяржавы. У аснове задумы - дзейнасць незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку. У канфлікце задзейнічаны з аднаго боку "Паўночныя", з другога - "Заходнія", г.з. кааліцыя зацікаўленых дзяржаў.

Алег Воінаў, начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі:

"Па такім сцэнарыі пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты апошнім часам. У сваю чаргу Рэспубліка Беларусь імкнецца не дапусціць развязвання ўзброенага канфлікту, дэстабілізацыі становішча ў рэгіёне, а Расійская Федэрацыя, у адпаведнасці з дзеючай нарматыўна-прававой базай, аказвае ёй палітычную падтрымку, фінансавую, ваенна-тэхнічную і ваенную дапамогу".

Нагадаем, на тэрыторыі Беларусі ў вучэнні будзе задзейнічана каля 10 тысяч вайскоўцаў, сярод іх траціна расійскага кантынгенту. Таксама каля 140 танкаў, паўтары сотні адзінак артылерыі і ракетных сістэм, больш за 40 самалётаў і верталётаў. Нагадаем, ужо напярэдадні на авіябазе ў Мачулішчах сустрэлі расіян. Гэта авіяцыя Заходняй ваеннай акругі Узброеных сіл.