Адна з найбуйнейшых сонечных электрастанцый краіны знаходзіцца ў Брагінскім раёне

19 октября 2019
Ва ўсім свеце сёння паступова пераходзяць на зялёныя тэхналогіі. У тым ліку ў энергетыцы. У нагу з агульнасусветнай тэндэнцыяй ідзе і Беларусь. Як прыклад - адна з найбуйнейшых сонечных электрастанцый краіны, якая знаходзіцца ў Брагінскім раёне. Тэхналагічны парк ўзвялі ў 2016 годзе. Яго магутнасць складае 18 мегават. Для збору сонечнай энергіі ўсталявалі 90 тысяч панэляў. Гэтага хапае, каб забяспечваць амаль 4 раёны Гомельскай вобласці. Электрастанцыя лечыць эканоміку чарнобыльскага раёна і адначасова стварае базу энергетычнай бяспекі краіны, робячы яе менш залежнай ад вуглевадароднай сыравіны. 

У сонечным парку пабывала Ганна Кавалёва.

Так пачынаецца працоўны дзень на адной з найбуйнейшых сонечных электрастанцый краіны. На 40 гектарах пад промнямі "загараюць" 90 тысяч панэляў. Каб абслугоўваць такі парк тэхнікі,  дастаткова ўсяго двух чалавек,  бо ўсё аўтаматызавана.

Сёння пашанцавала. Дзень сонечны. У 11 гадзін раніцы магутнасць ужо 13 мегават. Апоӯдні яна дасягне максімальнага значэння.

Дарэчы, яно складае 18 мегават. Гэтага хапае, каб забяспечыць практычна 4 раёны Гомельскай вобласці. Максімальную колькасць энергіі можна атрымаць пры добрым сонцы і (як ні дзіўна) пры халаднаватым надвор'і. Тады сама панэль амаль не награваецца, яна ператварае сонечныя прамяні ў электраэнергію пастаяннага току. Далей падае яе ў агульную сетку.

Дарэчы, будаваць сонечны парк пачалі ў 2016 годзе. Аб'ём інвестыцый склаў 24 мільёны еўра. І сёння дзякуючы іх асваенню ўдаецца атрымліваць грошы літаральна з паветра. Калі выбіралі будучую прапіску электрастанцыі, Брагін адзначылі адразу. Бо гэта самы паўднёвы раён краіны. Тут нават светлавы дзень на 23 хвіліны даўжэйшы, чым у Гомелі ці ў Мінску. Пры гэтым такі праект на гэтай тэрыторыі дапамог палепшыць эканоміку раёна.

Увогуле, Брагін - асаблівая зямля. Яна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тады з раёна выехалі 29 тысяч чалавек. З гадамі многія вярнуліся. І зямлю трэба было адраджаць новымі праектамі, пры гэтым  думаць аб экалогіі. Сёння, праз 30 з лішнім гадоў, менавіта такія зялёныя тэхналогіі і варыянты асваення некалі пакінутых зямель  аказаліся вельмі запатрабаванымі.