Адзін з найлепшых гарадоў нашай краіны па выніках 2017 года - Гродна

14 июля 2018

Абласны цэнтр занесены на Рэспубліканскую дошку гонару за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці.

Прэтэндэнтаў ацэньвалі амаль па двух дзясятках паказчыкаў. Улічвалася ўсё – ад узроўню заработных плат да экспарту тавараў і паслуг. У чым сакрэт поспеху менавіта Гродна, раскажа Юрый Карняловіч.

Марыя Дзарохава ў гасцінічным бізнесе навічок. Ідэя адкрыць свой хостэл з'явілася пасля ўключэння Гродна ў бязвізавую зону наведвання. Некалькі месяцаў на афармленне дакументаў і напрыканцы 2017 года гаспадыня прыняла першых наведвальнікаў. Сёння яе паслугі карыстаюцца вялікім попытам як у беларусаў, так і замежных турыстаў.

Штуршком для развіцця турыстычнай галіны стала ўключэнне Гродна ў зону бязвізавага наведвання для замежных гасцей. Прыватны бізнес адрэагаваў маментальна, у горадзе пачалі адкрывацца новыя кафэ, гасцініцы, прыйшлі буйныя замежныя інвестары. Разам з традыцыйнымі маршрутамі з’явіліся і водныя туры па Нёмане.

На новы ўзровень выйшаў і медыцынскі турызм. Мясцовыя санаторыі набываюць усё большую папулярнасць сярод іншаземцаў. З кожным месяцам колькасць замежных турыстаў узрастае ў геаметрычнай прагрэсіі.

Не збаўляе тэмпы і сацыяльнае развіццё абласнога цэнтра. Штогод у Гродне адкрываюцца новыя дзіцячыя садкі, дамы сямейнага тыпу, паліклінікі. З мэтай цалкам выключыць перагружанасць сярэдніх школ, прынята рашэнне аб прыярытэтным узвядзенні такіх устаноў адукацыі.

Высокая кваліфікацыя гродзенскіх педагогаў дазваляе рэгіёну займаць першыя пазіцыі ў рэспубліцы і ў адукацыйнай сферы. Так, па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, сёлета 100 балаў па прадметах атрымалі больш як 30 выпускнікоў.

Не менш эфектыўна працуе і прамысловасць горада. Адно з найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў краіны "Гродна Азот" распачынае рэалізацыю шматмільярднага інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве па сутнасці новага завода. Што дазволіць не толькі забяспечыць беларускі рынак удабрэнняў, але і выйсці на першыя пазіцыі за межамі краіны.

Шосты раз на Рэспубліканскай дошцы гонару, прызнаюцца гродзенцы, гэта вялікае дасягненне, аднак не канчатковая мэта. У горада ёсць шанцы заняць такое ганаровае месца і ў наступным годзе. Усе сацыяльна-эканамічныя перадумовы для гэтага ёсць.