Адзін дзень з гімназісткай Хеленай Мерааі

23 сентября 2017

Крыху больш за два месяцы застаецца да дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". Сёлета музычны форум пройдзе ў Тбілісі. Свой удзел пацвердзілі 16 краін. Беларусь на конкурсе прадставіць Хелена Мерааі. 14-гадовая мінчанка зараз актыўна рыхтуецца да выступлення перад шматмільённай аўдыторыяй, але і не забывае пра заняткі ў школе. Адзін дзень разам з гімназісткай правяла Ніна Мажэйка.

Бег трушком перад заняткамі для Хелены звычайная справа. У такім рытме прадстаўніца Беларусі на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" жыве не адзін год. Імкнецца ўсё паспець. Хоць юную артыстку складана ўявіць не на сцэне, а за партай. Хелена заўсёды за першай. У раскладзе беларуская літаратура.

Вучаніца з эксклюзіўным прозвішчам Мерааі для Беларусі ўжо даўно не экзотыка. Тым больш Хелена па нараджэнні беларуска. Тата родам з Сірыі, але ўжо больш за 30 гадоў жыве ў Беларусі, а мама - мінчанка.

У гімназіі №3 вучацца 650 чалавек. За камернасць і амаль індывідуальны падыход бацькі любяць гэтую навучальную ўстанову. Спартсмены і танцоўшчыкі, вакалісты і артысты - у гэтых сценах знаходзяць падыход да ўсіх, хто апроч школьных заняткаў, развівае прыродны патэнцыял.

Настаўнікаў у гімназіі 57. Прычым прафесійныя сакрэты перадаюцца вучням напроста. Бо ў школы педагагічны профіль. Такім чынам, для Хелены Мерааі пасля выпускных іспытаў будуць адчыненыя дзверы не толькі ў сольную кар'еру.

Педагагічны профіль вярнулі з 90-х. Вопыт папярэднікаў вырашылі выкарыстаць па прызначэнні, бо кірунак папулярны. Факультатыўны курс уводзін у прафесію пачынаецца пасля 9-га класа. Гэта значыць, у Хелены ёсць навучальны год, каб вызначыцца з родам заняткаў на наступныя два.

Школа падае магчымасць вучыцца і індывідуальна. Праз удзел у праекце "Голас" Хелена выбрала менавіта гэты шлях летась. Сёлета не стала рызыкаваць - рыхтуецца да выпускных іспытаў. Актыўна займаецца англійскай мовай і рэпеціруе.

Ёсць час да восеньскіх канікул. А пасля Хелене прыйдзецца адкласці падручнікі і сшыткі ў бок. Часова. Бо 26 лістапада юная артыстка адправіцца ў Тбілісі. Каб праспяваць усёй Еўропе "Я самая!"