Агляд падзей 2016 года вачыма нашых карэспандэнтаў

30 декабря 2016

Новы год - гэта і падвядзенне вынікаў. Усе 366 дзён журналісты навін рэгіёна сачылі за галоўнымі яскравымі,  добрымі,  а часам і жартоўнымі навінамі сталіцы і вобласці. Наш 2016-ты - агляд самых яркіх падзей вачыма нашых карэспандэнтаў.

Расказвае Аляксандр Харавец.

Карэспандэнты навін рэгіёна на працягу года былі ў эпіцэнтры самых важных падзей Мінска і вобласці і імкнуліся аператыўна расказаць пра іх гледачам.

Аляксей Кандраценка сачыў за ўзвядзеннем аднаго з самых грандыёзных аб'ектаў у краіне - кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Журналіст адным з першых расказваў пра шматмільённыя кантракты Мінска з Бялградам, Рыгай і Тбілісі. А таксама адкрываў новыя магістралі вобласці.

Гэтыя 2 мільёны долараў збіралі ўсёй краінай. За будаўніцтвам дзіцячага хоспіса ў Бараўлянах - цаглінка за цаглінкай - сачыла і Аляксандра Драгун. А яшчэ яна ведае, як аб'ехаць Беларусь за дзве гадзіны, наведаўшы музей мініяцюр. Карэспандэнт прымала ўдзел у стэндап-шоу паводле сатырычных твораў Кандрата Крапівы і нават зацягнула Каляду на дуб разам з жыхарамі Бярэзінскага раёна, дзе аднаўляюць аўтэнтычны абрад.

Разам з беларускімі і бразільскімі стрыт-мастакамі Юлія Токар размалявала вуліцу Бразіл. Зазірнула ў вітрыны 65-гадовай даўніны - галоўнага ўнівермага сталіцы. Сачыла за навагоднімі метамарфозамі Мінска, адной з першых пакаштавала стравы з гастранамічнага меню краіны і ведае, колькі каза можа даць малака.

Алхімічныя эксперыменты па ператварэнні смецця ў чорнае золата праводзіў Ян Пашкевіч. Карэспандэнт ведае, як утылізуюць аўтахлам з гарадскіх вуліц, колькі сіл патрэбна прыкласці для таго, каб выгладзіць бялізну прасам на вуглях. І чаго каштуе асядлаць незвычайнага быка- далмацінца.

Наталля Кузьміцкая спасцігла філасофію незвычайнага перкусійнага інструмента ханга, з вулічнымі музыкантамі знайшла «месца пад Сонцам» на фестывалях у Верхнім горадзе. І нават даказала сабе, што сапраўдны журналіст - не толькі першым расказвае пра самыя відовішчныя падзеі, але і сам пераадольвае марафонскія дыстанцыі.

Выпрабаванне на трываласць прайшла і Надзея Сербіненка разам з італьянцамі падчас землетрасення на Апенінскім паўвостраве. Ёй добра знаёмы і водар хлеба, сабранага з палёў Мінскай вобласці. Надзея ведае, што Саладуха -  гэта не толькі вядомы спявак, а і знакаміты камбайнер - лідар па намалотах. Карэспандэнт першай убачыла святлодынамічныя каралі, якія потым павесілі на галоўную ёлку краіны. І спрабавала самастойна гадаваць пекінскіх качак і ліндаўскіх гусакоў.

У падпаленую хату ўвойдзе і з галавой пад лёд праваліцца - самыя кантрасныя навіны прывозіла Антаніна Станкевіч. Ёй удалося ўтаймаваць цыклон «Джысі», на час стаць дайверам і нават роўп-джамперам. Карэспандэнт пераадолела ўласны страх вышыні і смела сіганула з 30-метровага слупа.

Без экстрыму, але ж з запалам пра ўсе значныя культурныя падзеі  на працягу года расказвала Ларыса Гулякевіч. На незабыўны «Праменад» яна і далей будзе запрашаць па пятніцах. 

Менавіта вось гэтая "Студыя-300" Белтэлерадыёкампаніі і з'яўляецца месцам, адкуль вядучыя перадаюць самыя галоўныя навіны з жыцця сталіцы і вобласці. Эксклюзіўныя кадры, цікавыя рэпартажы і жыццёвыя гісторыі чакаюць тэлегледачоў і ў наступным годзе. Сустракаемся, як заўсёды, на першай кнопцы у 15:15 і 18:40.