Звычайны рэйс для вадзіцеля грузавіка скончыўся шматтыднёвым разглядам у судзе

9 октября 2017

А вось гісторыя куды больш празаічная. Звычайны рэйс для вадзіцеля грузавіка Шчучынскага прадпрыемства скончыўся шматтыднёвым разглядам у судзе. З-за бартавой прылады, якая не спрацавала на некалькіх кантрольных рамках, на аўтамабіль прыйшлі штрафы больш як на 2 700 рублёў. Адміністрацыя завода вырашыла пакрыць выдаткі за кошт сваіх работнікаў. Як юрысты Федэрацыі прафсаюзаў праводзяць абарону свайго кліента, на чым грунтуецца ўпэўненасць самога вадзіцеля? Падрабязнасці ў рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.

Сваю гісторыю вадзіцель велікагруза Сяргей Рудскі распавядае, стоячы ля будынка раённага суда перад чарговым пасяджэннем. Зусім звычайны рэйс стаў для яго вялікай праблемай, вырашаць якую давялося з дапамогай юрыста.

Маршрут, як звычайна, праходзіў па платных дарогах. Аб тым, што бартавая прылада не спрацавала сінхронна з абсталяваннем на дарожнай рамцы, вадзіцель даведаўся толькі праз час з пратаколаў транспартнай інспекцыі. Усе гэтыя дні, не падазраючы аб штрафах, Сяргей выконваў рэйсы.

Усяго на аўтамабіль з-за рамак, якія не спрацавалі, прыйшло 5 пратаколаў ад транспартнай інспекцыі. Кожны на 260 еўра.

Паколькі бартавая прылада не спрацавала, Шчучынскаму прадпрыемству налічылі павялічаную плату за праезд - больш за 2 700 рублёў. Гэтую суму адміністрацыя завода пагасіла, але, мабыць, усё ўзважыўшы, вырашыла пакрыць страты праз зарплаты сваіх работнікаў.

Сяргей Рудскі, вадзіцель: "На мяне павесілі 1800. 300 рублёў узяла на сябе аператар ЭВМ, якая магла адсачыць. У яе абавязак - сачыць за спісаннем сродкаў з BelToll. Яшчэ 600 рублёў прыняў на сябе механік сам".

Сяргея Рудскага такая сітуацыя абурыла. З ім згадзіліся і юрысты Федэрацыі прафсаюзаў. Адвакат з пачатку кансультаваў работніка і прадстаўляў яго інтарэсы ўжо на некалькіх судовых пасяджэннях.

Аляксандр Шышко, галоўны прававы інспектар працы Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў: "Аб адмене дысцыплінарнага спагнання, прымененага да работніка, таксама адмене загада аб пакрыцці матэрыяльнага ўрону і вяртанні работніку ўтрыманых з яго сродкаў. Таму што ў яго сям'я і дзеці. У дадзеным выпадку работнік належным чынам выканаў свае абавязкі".

Кіраўніцтва завода каменціраваць сітуацыю адмовілася да завяршэння судовага працэсу. Чарговае пасяджэнне пройдзе на гэтым тыдні.