Звычайны птушыны двор ператвараецца ў заасад

13 апреля 2019

У Пружанскім раёне мясцовы прадпрымальнік так захапіўся паўлінамі, фазанамі, дэкаратыўнымі курамі, што вырашыў знаёміць з разнастайным жывёльным светам турыстаў. Выкупіў тэрыторыю былой школы пад Ружанамі і пабудаваў вальеры. Акрамя птушак, у  заасадзе з’явіліся і дзікія драпежныя жывёлы. 

Вікторыя Патоня адправілася на незвычайную экскурсію. Валерый Ланшакоў па прафесіі геолаг. Доўгі час сям’я жыла ў Забайкальскім краі. На поўначы Расіі магчымасці вырошчваць дэкаратыўных птушак не было. Пасля пераезду ў Беларусь Ланшаковы ажыццявілі мару і абзавяліся птушыным дваром. Цяпер пад апекай кітайскія куры, каралеўскія і алмазныя фазаны, качкі-мандарынкі, паўліны і нават пара страусаў. Больш за сотню экзатычных крылатых 20-ці відаў! А каб птушынай сям’і было камфорта, прадпрымальнік выкупіў тэрыторыю былой школы за тры кіламетры ад дома. Арнітолагам стала і жонка Валерыя. Чытае спецыяльную літаратуру, дапамагае гадаваць птушанят. Напрыклад, паўліны цеплалюбівыя, далікатныя і патрабуюць разнастайнага рацыёну. Зараз у птушак вясельны перыяд.

Паступова птушыны двор перарос у заасад. На двух гектарах з’явіліся вальеры з лісамі, вавёркамі, янотамі. Пасяліліся на ўчастку еўрапейскія лані і алені.

Падысці блізка да гэтых чуллівых жывёл не ў кожнага атрымліваецца. Каб прыручыць гэту высакародную парачку,  Валерыю спатрэбіўся год. Аленяў набылі за 140 км, у аграсядзібе ў Каробчыцах. Прадпрымальнік клапоціцца пра рацыён кожнага гадаванца, сам косіць траву і нарыхтоўвае сена для парнакапытных. 

Вальеры для аленяў размяшчаюцца ў былым школьным садзе. І ў гэтым ёсць плюс: тут растуць яблыні і жывёлы могуць ласавацца яблыкамі. Але найлепшы ласунак для іх - кукуруза. 

Паглядзець на экзатычных птушак і звяроў прыязджаюць з ваколіцы. Менавіта знаёмыя і прапанавалі Ланшаковым арганізаваць заасад. Першых турыстаў тут чакаюць праз некалькі тыдняў. 

Шматгалосая гаспадарка патрабуе шмат часу, увагі і клопатаў. Але ўсё гэта, падкрэсліваюць гаспадары заасада, - для душы і ў радасць.