Агульнарэспубліканскі марафон дабрыні

26 декабря 2015

Цуды на Раство. У Беларусі працягваецца акцыя "Нашы дзеці". Штодня ў розных гарадах і вёсках краіны марафон дабрыні дорыць цеплыню і падарункі сотням дзяцей. У акцыі ўдзельнічаюць літаральна ўсе - ад вышэйшых службовых асоб да студэнтаў-валанцёраў. Ніводнае дзіця з дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прыёмных сем'яў не застанецца без падарунка. Міністэрства культуры нашай краіны ўжо традыцыйна гэтымі снежаньскімі днямі адпраўляецца ў Вілейку, каб павіншаваць са святамі дзяцей з сур'ёзнымі парушэннямі мовы.

Рэпартаж Алены Борматавай.

Ад сняжынак і зайцоў да Мальвіны і мушкецёраў. Карнавальныя касцюмы кожны з дзяцей выбіраў асабіста. Упрыгожваць дапамагалі настаўнікі з выхавальнікамі. У топе хлапчуковых касцюмаў – фантастычныя супергероі. У дзяўчынак традыцыйна прынцэсы. Сцэнарый свята таксама ствараюць у школе, рэпетыцыі пасля заняткаў.

Дваццаты год запар, з самага пачатку акцыі «Нашы дзеці», на навагоднія ранішнікі ў Вілейскую школу-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення прыязджае кіраўнік культурнага ведамства Беларусі. Міністэрства культуры ўзяло пад апеку гэтую навучальную установу. За два дзесяцігоддзі не проста ўкамплектавалі камп'ютарны клас, а нават паспелі замяніць. Інфармацыйныя тэхналогіі не стаяць на месцы.

Пісаць лісты Дзеду Марозу тут пачынаюць яшчэ восенню. Сартуюць пошту і запісваюць дзіцячыя пажаданні настаўнікі. А малыя шчыра вераць, што казачны дзед іх мары зробіць рэальнымі. За тыдзень да свята дзецям праводзяць майстар-класы па спантанным жывапісе і вырабе навагодніх упрыгажэнняў. Афармленнем і аздабленнем спартыўнай залы, дзе і праходзяць святочныя ранішнікі і дыскатэкі, займаюцца самі навучэнцы.

Школу смела можна называць мужчынскай. Са 161-го дзіцяці 41 дзяўчынка і ажно 120 хлапчукоў. Дзеці з усіх рэгіёнаў Мінскай вобласці. Раней былі з Брэста і Магілёва, сёлета там з'явіліся падобныя школы. Палова дзяцей – без бацькоўскай апекі. І вельмі часта тут у актыўным лексіконе першакласніка фіксуюць усяго слоў дваццаць. Аднак літаральна праз некалькі месяцаў слоўнікавы запас гэтых дзяцей складае некалькі соцень слоў.

У штатным раскладзе гэтай школы-інтэрната апроч настаўнікаў агульнаадукцыйных прадметаў шмат дэфектолагаў і лагапедаў. А ў распарадку дня школьнікаў акрамя звычайнай матэматыкі і літаратуры прапісаныя рэабілітацыйныя і карэкцыйныя заняткі.

Нават дабрачынныя акцыі ў школе-інтэрнаце ладзяцца ў адпаведнасці з педагагічна-рэабілітацыйнай спецыфікай. Навагоднія ранішнікі праходзяць на працягу дня. Пакуль адных дзяцей віншуюць галоўныя навагоднія героі, другія не адрываюцца ад вучэбнага працэсу. А Дзеда Мароза і Снягурку тут вітаюць, як правіла, тройчы за дзень.