Агульны боль і страта нашых народаў і адзінага Саюза

26 декабря 2016

Маладыя,  таленавітыя, поўныя надзей і планаў - яны чакалі навагодніх святаў і жадалі падарыць іх тым, хто апынуўся ўдалечыні ад сваёй сям'і і роднага дома.  Ляцелі, каб  дапамагчы тым,  хто ў гэтым меў патрэбу. Але  засталіся ў небе назаўжды.   Вайскоўцы, артысты ансамбля імя Аляксандрава, нашы расійскія калегі - журналісты, у тым ліку здымачныя групы Першага канала, НТБ, тэлеканала "Звезда", экіпаж, а яшчэ Лізавета Глінка або Доктар Ліза, як яе завуць у прэсе. Яна суправаджала гуманітарны груз для шпіталя ў Латакіі.  92 чалавекі... Усе яны загінулі... Востра і з асобым болем на страшныя падзеі  адгукнуліся беларусы. Да пасольства ў Мінску не спыняецца паток людзей, якія смуткуюць разам з усёй Расіяй, нясуць кветкі, запальваюць свечкі. Кожны, хто суперажывае, можа пакінуць запіс у кнізе спачуванняў. А такіх нямала. Бо ў горы няма межаў і ўмоўнасцяў.  Агульны боль і страта нашых народаў і адзінага Саюза.

Расказвае Андрэй Крывашэеў.

Прыспушчаныя дзяржаўныя флагі, адмененыя забаўныя праграмы і праекты, здаецца, нават людзі на вуліцах гавораць паўшэптам. У братоў трагедыя - у нас трагедыя. Наймацнейшыя людзі краіны і духам, і целам  спачуваюць. Ледзьве стрымліваючы слёзы,  успамінаючы тых, хто пайшоў на ўзлёце, пайшоў у сочынскае неба, пайшоў назаўжды...

Анатоль Котаў, генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі: "Вялікая група спартсменаў - нашы плыўцы, барцы, весляры, парусны спорт - не магла не прыйсці да пасольства, не прадэманстраваць вось гэтае вось пачуццё братэрскай шчырай салідарнасці з расійскім народам. Мы выяўляем самыя шчырыя спачуванні родным і блізкім загінуўшых. Жадаем трымацца ў гэты няпросты час".

Аляксандр Шамко, міністр спорту і турызму Беларусі: "Сапраўды, гэта - як гром сярод яснага неба. І я скажу, што ніводны беларус не застаўся безуважным да гэтай трагедыі, успрынялі, як сваю".

92 абарваныя палёты, гэта ўжо дакладна. 92 жыцці, якія да тэрміну  пайшлі з ансамбля гэтага свету не пад авацыі, як прывыклі ў ансамблі Расійскай арміі, а пад хвіліны маўчання па ўсёй Беларусі. Больш гучнае гэтае маўчанне пад сценамі расійскай дыпламатычнай місіі і ў кнізе памяці, у якой кожны, не вымаўлены ўслых радок, крычыць ад гаркаты страты.

Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Гэта сумесная трагедыя, сумесны боль. Сумеснае перажыванне нашага беларускага народа з нашымі расійскімі грамадзянамі. Трагедыя датычыцца не толькі іх.  З болем і трывогай успрынялі гэтую навіну. Асабіста вось мая сям'я, сам асабіста. Вельмі хвалююся, таму што загінулі вельмі таленавітыя людзі. Людзі, якіх ведаў увесь свет".

Галоўны ваенны дырыжор Расіі Валерый Халілаў напісаў гэтую кампазіцыю ў памяць аб героях і сам раптам уварваўся ў іх пантэон. Пайшоў, несучы святло мастацтва ў далёкую палаючую Сірыю. Уся яго творчасць, усё яго жыццё з гэтага часу ў светла-жалобных нотах яго адажыа, у дырыжорскім узмаху і ў перарванай вышыні а капэла.

А беларусы памятаюць, як грымоты "аляксандраўскіх" галасоў несліся ў неба над нашай агульнай святыняй - Брэсцкай крэпасцю. Тады славілі і паміналі герояў самай страшнай вайны. Трывожна, нібы прадчуваючы: гора дабярэцца і да нашых межаў, і нам яшчэ прыйдзецца папоўніць шэрагі загінуўшых за мір.

Георгій Атаманаў, в.а. першага сакратара ЦК КПБ: "Шкада, што страцілі ўнікальны сусветнага ўзроўню ансамбль. Я яго бачыў сам, калі ў Афганістане ваяваў. Ведаю гэтых людзей. Выключна таленавітыя людзі. Наш боль, пэўна, з часам сціхне, але гэтая памяць застанецца ў сэрцах беларусаў".

Гэтая смерць ваеннага аркестра і ваенных лётчыкаў, што неслі вестку міру на сірыйскае поле бою, адбылася ў нашым саюзным небе. У нашым "паветры", якое беларусы і рускія абараняюць разам. Ад Калінінграда і Брэста да Масквы, Уладзівастока і Сочы. Таму сёння так горка людзям у пагонах. Не выратавалі. Браты загінулі, у братоў па зброі гора, у нас гора.

Таму і міністр замежных спраў тут і цяпер, і лідары партый адзіныя ў ацэнках.

Васіль Задняпраны, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці: "Яны ехалі правесці фэст у Сірыі, аказаць увагу тым людзям, якія выконваюць свой абавязак. Людзі ў мірны час выконвалі свой прафесійны абавязак і апынуліся ў такой сітуацыі, што ім прыйшлося аддаць за гэта жыццё. Гэта ўдвая трагічна".

Смуткуючы аб расійскай трагедыі, смуткуем аб сабе, аб сваёй страце. Бо гэта і ў нас смерць забрала частку культурнай, гуманітарнай і журналісцкай сучаснасці і будучыні. Гэта аб нас і для нас не праспявае, напрыклад, на "Славянскім базары" кананічна чысты хор Аляксандрава, які пайшоў у неба.

Вобраз, які быў створаны ансамблем імя Аляксандрава, тыя выдатныя творы, яны сапраўды перажывуць іх стваральнікаў.

Міхаіл Фінберг, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік - дырэктар Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі: "Маладыя людзі ўваходзілі ў склад хору гэтага ансамбля, і, я мяркую, што мы сваёй працай будзем імкнуцца яшчэ не раз паказваць, што мы любім Расію, мы любім Беларусь, мы любім нашу краіну і мы народы-браты. І хачу сказаць, каб не было такога гора ніколі. Усе нармальныя, прыстойныя людзі вельмі перажываюць тое, што здарылася".

Гэта аб нас і разам з нашымі не будзе хварэць сэрца Доктара Лізы за дзіцячае і бацькоўскае гора, за гуманізм, які ў сучасным свеце і ў цане, і ў дэфіцыце.  Гэта аб нас і для нас не знімуць сумленныя сюжэты пра вайну і мір нашы калегі, тры здымачныя групы АРТ, НТБ і "Звезды". Немагчыма паверыць, але 9 журналістаў у адну фатальную хвіліну - гэта найбуйнейшая адначасовая страта нашага савецкага і еўразійскага цэха больш чым за паўстагоддзя. Столькі ні гінула раней  на перадавой у В'етнаме, Афганістане, Чачні, Паўночнай Афрыцы і Данбасе. Прафесія, закліканая агароджваць грамадства ад утрапёнасці вайны, сама стала полем бою, дзе цана слова роўная жыццю. А жыццё сотняў тысяч, на жаль, парой каштуе менш за адно слова праўды.

Анатоль Лемяшонак, старшыня Беларускага саюза журналістаў: "Сярод загінуўшых і нашы калегі - журналісты. Усё гэта лішні раз гаворыць аб тым, наколькі небяспечная і запатрабаваная наша прафесія. Але без яе свет быў бы глухі і нямы. Таму мы працавалі і будзем працаваць".

У беларускім віртуальным сегменце рэальныя людзі смуткуюць аб ахвярах рэальнай трагедыі. Боль у кожнай публікацыі. Яны сёння - як мерка новага часу: чалавек ты, які перажывае, або бот - лічбавая бяздушная матрыца. Важна заўважыць: сярод беларусаў-графаманаў абсалютная большасць - менавіта Людзі, а не нялюдскія абалонкі.   

Агульнае гора - гэта момант агульнай слабасці, але і агульнай сілы. Людзі, узрушаныя трагедыяй, маюць патрэбу ў апоры, у спагадзе, у пачуцці локця. Агульны і персанальны саўдзел надае сіл.

Алена Спірыдовіч, заслужаная артыстка Беларусі, тэлевядучая: "Дай Бог кожнаму з нас навучыцца так рабіць сваю справу, так таленавіта, так дасканала, так дбайна, так без чарнавікоў, як рабілі гэта артысты, якія пайшлі".

Аляксандр Ціхановіч, народны артыст Беларусі: "Прафесіяналізм кіраўнікоў і прафесіяналізм артыстаў - гэта злівалася ў штосьці адзінае, і, вядома ж, узрушаючы рэпертуар, які яны непараўнальна, падкрэсліваю, непараўнальна выконвалі, таму што іх аранжыроўкі, іх інтэрпрэтацыі любога твора - гэта можна было з заплюшчанымі вачамі сказаць, гэта "аляксандраўцы".

Падтрымка - бясцэнная, яна вядзе да храма, а не ад яго. Яна ламае лжэбар'еры і лжэрасколы, выкрываючы рану нашай ісціны - мы разам… Разам выдужаем, разам не забудзем, разам акрыяем над смерцю. Што можа быць мацнейшым за гэта наша "разам"?

Ці будзем мы адзінымі заўтра? Як працягнем гуманістычную місію тых, хто пайшлі ў неба? Наколькі больш чалавечнымі і шчырымі будуць нават не словы сёння, а нашы справы паслязаўтра? Менавіта гэта стане ахвярам трагедыі лепшым памінаннем, лепшай памяццю. Іх укладаннем у мір, прыгажосць, дабро і мастацтва. У нас з вамі…