Абрад "Юр’еўскі карагод" уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

12 декабря 2019
Палескі абрад "Юр’еўскі карагод" уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Такое рашэнне было прынята напярэдадні на 14-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая зараз праходзіць у Багаце ў Калумбіі. "Юр’еўскі карагод", некалі распаўсюджаны ва ўсёй Тураўшчыне, сёння захаваўся толькі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Мясцовыя жыхары яго выконваюць вясной у дзень святога Юрыя. Ён лічыцца заступнікам свойскай жывёлы і сельскай гаспадаркі. Па традыцыі менавіта ў гэты дзень упершыню пасля зімы на поле выводзяць жывёлу. У "Юр’еўскім карагодзе" ёсць месца выпяканню каравая, маляўнічым ручнікам і святочнай вячэры. Мясцовыя жыхары вераць, што абрад спрыяе добраму ўраджаю.

Нагадаем, "Юр’еўскі карагод" - гэта не адзіны беларускі абрад, што знаходзіцца  пад апекай ЮНЕСКА. Раней у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны былі ўключаны абрад "Калядныя цары" і Будслаўскі фэст. 

Пра тых, хто захаваў унікальную традыцыю,  глядзіце рэпартаж з Палесся ў гэтую нядзелю ў праграме "Галоўны эфір".