Абрад калядавання дагэтуль праводзяць у шматлікіх вёсках Беларусі

9 января 2019

Гэтыя зімовыя марозныя дні можна правесці не толькі актыўна на свежым паветры (галоўнае - па ўсіх правілах бяспекі), але яшчэ і крэатыўна, увасабляючы традыцыі продкаў. У праваслаўных працягваюцца калядныя святы. У народнай традыцыі дагэтуль ёсць абрад калядавання. Людзі верылі, што калі калядоўшчыкі зазірнулі ў дом, значыць год будзе напоўнены радаснымі падзеямі. А яшчэ Каляды здаўна лічацца самым прыдатным часам для варажбы. Пра народныя традыцыі падрабязна Марына Раманоўская.

Некаторыя паўтараюць рэпертуар, іншыя працуюць над вобразам. Жыхары аграгарадка Блізніца Полацкага раёна ведаюць, як правесці марозныя студзеньскія вечары цікава. Гэтымі днямі вяскоўцы заўсёды ходзяць калядаваць. Каларытнае дзеянне прываблівае і гасцей з гарадоў. Шумную кампанію чакаюць у кожнай хаце. Лічыцца, калі калядоўшчыкі завіталі на парог, год будзе багатым на добрыя падзеі, а сям’я будзе жыць у згодзе.

У вялікай кампаніі самыя розныя персанажы. Асаблівая роля ў Казы – сімвала ўрадлівасці. Нашы продкі верылі, што Каза на сваіх рагах прыносіць шчасце ў хату. І каб наступны год быў шчодрым на добрыя падзеі, жывёліну абавязкова адорвалі.

Для гасцей гатавалі самыя розныя прысмакі. У вялікім меху і сала, і каўбасы. Пасля смачныя гасцінцы калядоўшчыкі дзялілі паміж сабой. Але перад тым як атрымаць пачастункі, трэба ад душы павесяліць гаспадароў - праспяваць, станцаваць, паказаць міні-спектакль.

Асаблівасці самых розных абрадаў даследуе мясцовы калектыў “Блізнянка”. Вясной у аграгарадку ладзяць Юр’е, летам - Купалле, восенню - дажынкі, а зімой абавязкова збіраюць вялікія кампаніі на калядныя святы. Інтэрактыўнае дзеянне аб’ядноўвае і сталае пакаленне, і моладзь.

Знаходзілі пару па душы і падчас “Жаніцьбы Цярэшкі”. Гульня суправаджалася песнямі і танцамі. Дарэчы, многія пары, якія знаёміліся на калядныя святы, пасля гулялі сапраўднае вяселле. Сцэнарый “Цярэшкі” і зараз ведаюць у многіх вёсках на поўначы Беларусі.

Каляды прадоўжацца да Вадохрышча. Гэты час не толькі для забаў, але і для добрых спраў. Прынята сустракацца з блізкімі і дарыць цеплыню сваіх сэрцаў.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя