Адукацыйны праект "Мы - для дзяцей!" крочыць па гарадах і раённых цэнтрах Беларусі

30 ноября 2016

Сёння  майстар-клас ад лепшых педагогаў краіны па музычнай і мастацкай творчасці ўбачылі выхаванцы Любанскай школы мастацтваў. Па ініцыятыве кузні музычных кадраў - гімназіі-каледжа імя Ахрэмчыка - калектыў падарожнічае з адукацыйнай місіяй і   ў пошуках новых талентаў.  У займальнае падарожжа адправілася  і наш карэспандэнт Аляксандра Драгун.

У кабінет музыкі, дзе калісьці знаёмілася з гамамі, эцюдамі, санатамі, сёння яна заходзіць не як Маша Ліпніцкая, а як Марыя Анатольеўна. З выпускніцы Любанскай музычнай школы яна вырасла да дырыжора. Па ўзмаху яе рук узорна гучыць калектыў пры гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка.

Не пад уладай настальгіі - з сур'ёзным праектам Марыя Ліпніцкая вярнулася на сваю малую радзіму. Разам з калегамі па творчым цэху прапаноўваць адукацыйную праграму «Мы - для дзяцей!».

Летась з майстар-класамі, выставамі, семінарамі вядучыя спецыялісты па музычным і выяўленчым мастацтве наведалі гарады і раённыя цэнтры краіны. Сёння на працягу пяці гадзін плённа працавалі ў тандэме з педагогамі і вучнямі не толькі Любанскай школы мастацтваў. Па веды прыехалі настаўнікі з суседніх музычных і агульнаадукацыйных школ.

Паколькі праект дабрачынны, валанцёраў запрашаюць з адукацыйнай місіяй у невялікія гарады. Бадай, самая актыўная пакуль Мінская вобласць. Творчыя сустрэчы прайшлі ў Слуцкім і Пухавіцкім раёнах.

Ці ўплывае атмасфера ў сям'і на поспехі вучняў, як выявіць і працаваць з таленавітымі дзецьмі? Сучасныя падыходы ў адукацыі і выхаванні абмяркоўвалі ў фармаце праблемна-дзелавой гульні. Тым часам у кабінетах пачаліся майстар-класы па мастацкіх кірунках.

Як правільна дыхаць, спяваць у акадэмічным стылі і што такое джазавы рытм… Сакрэты харавой музыкі даведаліся падчас майстар-класа самыя юныя выхаванцы школы мастацтваў. Пасля распеўкі разам з запрошаным дырыжорам выканалі некалькі харавых твораў.

Быццам акампануючы хору, у суседнім кабінеце загучалі духавыя інструменты і фартэпіяна. Ад правільнай пастаноўкі рук да артыстызму – парады запрошаных педагогаў. Тым часам на мастацкім аддзяленні замешвалі гіпсавае цеста для скульптур.

Адным днём творчы абмен не скончыцца. У перспектыве выхаванцы гімназіі-каледжа імя Ахрэмчыка і Любанскай школы мастацтваў збяруцца на арт-пленэр і дадуць сумесны гала-канцэрт.