"Зваротная сувязь". Пытанне бездаражы турбуе жыхароў Полацка

14 марта 2019

І вось наша рубрыка, дзе мы ўзнімаем праблемы пэўных людзей, вёсак, райцэнтраў. "Вялікая размова з Прэзідэнтам" дапамагла пазначыць шырокі пералік пытанняў на месцах. Прычым звярнуцца да Прэзідэнта амаль напроста мог кожны. Трое сутак Беларускае тэлеграфнае агенцтва прымала пытанні ад жыхароў з усіх куткоў краіны і замежжа. Зваротнай сувяззю скарысталіся каля 3 000 чалавек. Пазначаныя самыя розныя праблемы. Многія датычыліся дрэннага стану дарог і дваровых тэрыторый. Пытанне бездаражы ў райцэнтры турбуе і жыхароў Полацка. Ямачны рамонт даўно не дапамагае. Асобныя двары патрабуюць паўнавартаснага абнаўлення. Як мясцовая ўлада плануе вырашаць пытанне, якое хвалюе тысячы гараджан? Адказы ў нашай рубрыцы "Зваротная сувязь". 

Расказвае Марына Раманоўская.

Для маладой мамы Надзеі Сухавой прагулка на свежым паветры з малышом - сапраўднае выпрабаванне. Каляску ўвесь час падкідвае. Аб'ехаць усе ямы ў двары, гаворыць жыхарка Полацка, проста нерэальна. Скардзяцца на бездараж і аўтааматары: каб даехаць да дома, прыходзіцца ўжываць усе навыкі манеўравання. 

Шлях да прыпынку грамадскага транспарту жыхары вуліцы Петруся Броўкі завуць няйначай, як квестам. У іх дварах, жартуюць людзі, увесну заўсёды мода на гумавыя боты. Праблему абвастрае і недастатковая колькасць ліўневых каналізацый. У шасцідзясятыя, калі мікрараён Марыненкі інтэнсіўна забудоўваўся, гэты момант не ўлічылі. Як вынік - вялікая вада  ўсё бліжэй да пад'ездаў. 

Жыхары гэтага двара ў Полацку скардзяцца: добрага рамонту тут не было шмат гадоў. Максімум праблемныя ўчасткі засыпалі друзам. Але пытанне гэта не вырашае. Вялізныя ямы тут на кожным кроку. 

І гэта праблема не толькі ўскраіны горада, але і цэнтра. Летась атрымалася прывесці ў належны выгляд шаснаццаць дваровых тэрыторый. Прайшлі грэйдарам больш як сто кіламетраў вуліц з грунтавым пакрыццём. Усяго ў Полацку амаль тры сотні двароў. Палове неабходная паўнавартасная рэканструкцыя і рамонт. 

Пакуль умовы надвор’я дазваляюць праводзіць толькі дробныя работы па аднаўленні дарожнага палатна. На гэтым участку - інтэнсіўны рух машын. Таму ямы тут заліваюць рэгулярна. Паралельна спецыялісты правяраюць стан дарожнага пакрыцця пасля зімы ва ўсім горадзе. 

Стан дарог і дваровых тэрыторый, упэўніваюць мясцовыя ўлады,  на сталым кантролі. Але вырашыць праблему аднамаментна ў буйным райцэнтры задача не простая. У гэтым месяцы ў горадзе пройдзе суботнік. Заробленыя грошы пойдуць на рамонт двароў, дзе праблема бездаражы адчуваецца найболей востра.