Зварот Прэзідэнта да беларускага народа з нагоды 70-й гадавіны Хатынскай трагедыі

22 марта 2013
Дарагія суайчыннікі!

Паважаныя замежныя госці!

Сёння мы нізка схіляем галовы, успамінаючы сумную дату ў гісторыі беларускага народа - 70-ю гадавіну Хатынскай трагедыі.
22 сакавіка 1943 года смяротны подых вайны навекі пахаваў пад слоем попелу гэты куток беларускай зямлі, які падзяліў страшны лёс больш як шасцісот населеных пунктаў нашай краіны, знішчаных разам з іх жыхарамі.
Пакутніцкую смерць ад рук фашысцкіх катаў прынялі 149 хатынцаў - мірных, простых людзей, мужчын і жанчын, старых і дзяцей. У чым іх віна? Ды толькі ў тым, што яны, як і мільёны нашых суграмадзян, хацелі спакойна жыць і працаваць, засяваць палі, будаваць дамы і вырошчваць збожжа. І за гэта ім было наканавана пекла на зямлі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія акупанты развязалі сапраўдны генацыд супраць беларускага народа. Расстрэльваючы, катуючы, спальваючы зажыва, адпраўляючы на немінучую смерць у канцлагеры нашых суграмадзян, гітлераўцы хацелі запалохаць беларусаў, знішчыць большую частку насельніцтва рэспублікі, а астатніх ператварыць у рабоў.
Але іх чалавеканенавісніцкія планы пацярпелі поўны крах. Ніякія мукі і здзекі не змаглі знішчыць у душы народа любоў да Айчыны, пазбавіць яго волі да барацьбы. У партызанскіх лясах, у падполлі рос і пашыраўся магутны і нястрымны рух Супраціўлення, на месца загінуўшых уставалі новыя байцы, выганяючы ворага з роднай зямлі і набліжаючы Вялікую Перамогу.
70 гадоў - для гісторыі ўсяго толькі кароткае імгненне. Аднак сёй-той паспеў ужо забыць урокі Другой сусветнай вайны. І сёння некаторыя ўладары свету спрабуюць умешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, выкарыстоўваючы палітычны, эканамічны і інфармацыйны шантаж, прымяняюць ваенную сілу супраць простых грамадзян. У розных кутках зямнога шара раз-пораз узнімае галаву міжнародны тэрарызм, забіраючы жыцці ні ў чым не вінаватых людзей.
Беларусь, якая не раз перажыла пекла вайны і іншаземнай акупацыі, заклікае аб'яднаць намаганні ўсіх людзей добрай волі ў барацьбе супраць насілля і тэрору, за мір, за права кожнага народа ісці ўласным шляхам і самому выбіраць свой лёс.
Мы ніколі не забудзем імёны тых, хто аддаў жыццё дзеля нашай Айчыны. І сёння, у дзень смутку і жалобы, клянёмся цвёрда стаяць на варце нашай незалежнасці, захоўваць стабільнасць, дабрабыт і спакой на беларускай зямлі.
Вечная слава абаронцам Айчыны! Вечны спакой загінуўшым у свяшчэннай барацьбе! Светлая памяць аб героях і ахвярах мінулай вайны будзе жыць у сэрцах цяперашняга і будучых пакаленняў беларусаў.

 

Аляксандр Лукашэнка