Абноўлены мост у Лошыцы прайшоў выпрабаванні

1 ноября 2018

Дарожнае кальцо вакол Мінска замкнецца ўжо ў гэтую суботу. Менавіта тады для руху ў абодвух кірунках адкрыюць яшчэ нядаўна аварыйны мост у Лошыцы. Сёння прайшлі фінальныя выпрабаванні канструкцыі. Будаўнікі цалкам замянілі састарэлыя бэлькі на сучасныя. Зараз яго трываласць узрасла шматкроць, а тэрмін службы складзе амаль паўстагоддзя. 

Як прайшоў выпрабаванні абноўлены мост і ці засталіся яшчэ на сталічнай кальцавой слабыя дарожныя звёны? Адказы ў Яна Пашкевіча.

Будзем зараз запускаць на мост паступова транспарт для нагрузкі, а гэтыя прыборы пакажуць змены моста з дакладнасцю да доляў міліметра.

Нават злёгку прыкметнае дрыжанне моста адразу ж перадасца і гэтым датчыкам - любое ваганне бетонавых бэлек адлюстроўваецца ў памяці камп'ютара. Аднак новае збудаванне гатовае да вялікіх перагрузак.

Міхаіл Берасцевіч, начальнік лабараторыі ДП "БелдарНДІ": "Зараз трываласць моста складзе А14. Гэта значыць, што вага машыны для праезду па ім у саставе калоны можа дасягаць 38 тон. Для праезду па мосце ў адзіночным парадку нагрузка да 112 тон".

Хоць залік аўтаматам гэты мост і не атрымае, аднак у паспяховай здачы тэстаў ніхто не сумняваецца: рух тут плануюць адкрыць ужо апоўдні ў суботу. Праезд жа пад мостам падрыхтуюць да 7 лістапада.

Вось зараз на мост пасля трохмесячнага перапынку заехалі першыя аўтамабілі, іх выстройваюць з ювелірнай дакладнасцю па спецыяльнай разметцы, каб атрымаць найбольш падрабязныя вынікі.

Вагу па мосце перасоўваюць не раўнамерна - 35-тонныя гружаныя пяском самазвалы шукаюць болевыя пункты збудавання. Такім чынам, пакуль тэст на стрэсатрываласць не пройдзены, пуцеправод застаецца небяспечным месцам.

Паводле разлікаў спецыялістаў, абноўлены мост будзе ў шмат разоў мацнейшы за свайго папярэдніка - усе бэлькі перакрыццяў зробленыя па самых сучасных тэхналогіях, трываласць павінны захаваць нават праз паўстагоддзя.

Стары мост атрымаў пералом бэлькі як раз у месцы стыку двух бетонавых блокаў. Маштабнае абнаўленне моста, якое было запланавана на лета наступнага года, прыйшлося праводзіць неадкладна. Такім чынам, адразу ж абнавілі і частку пуцеправода па знешнім баку кальца - там рух ужо адкрыты. Пры гэтым на МКАД дагэтуль застаюцца слабыя звёны.

Аляксандр Ярошык, дырэктар ДП "Гардарбуд": "Ёсць масты, якія паказалі, што на іх трэба зніжаць нагрузку. І, вядома ж, разглядаецца магчымасць іх рамонту".

Былую форму паступова страчваюць масты на 2-м, 19-м і 24-м кіламетрах Мінскай кальцавой. Для пазбягання аварыйнай сітуацыі рэкамендуемая нагрузка на палатно ў гэтых месцах паніжана - аўтамабілі вагой не больш як 10 тон. Аднак не ўсе вадзіцелі цяжкавозаў, у адрозненне ад саміх мастоў, здаецца, маюць намер прагінацца нават пад такія акалічнасці.