Абноўлены аэрадром Ліпкі завяршае рэканструкцыю

24 июля 2017

Сёння журналістам прадэманстравалі яго магчымасці. Пляцоўка за паўтара кіламетра ад сталіцы заменіць Баравую і возьме на сябе частку функцый закрытага аэрапорта "Мінск-1". Мадэрнізацыя абышлася інвестару 10 мільёнаў долараў. Тут з'явіліся верталётныя пляцоўкі, сучасная ўзлётна-пасадачная паласа даўжынёй больш як 700 метраў, авіяцыйны ангар, які абаграваецца, і трэніровачны цэнтр, куды пераязджае Мінскі аэраклуб ДТСААФ. Аэрадром у Ліпках будзе адпавядаць міжнародным стандартам, а палёты можна будзе выконваць у любы час года і сутак - тут ёсць новае святлосігнальнае абсталяванне і аўтаматычная метэаралагічная станцыя. Таксама прадугледжана месца для паркавай зоны, гасцініцы, кафэ і магазіна. На працягу чатырох гадоў у Ліпкі з Баравой перанясуць і авіямузей.

Аляксандр Цэнцер, кіраўнік Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту, інвестар: "Мінімальна гэта месца базіравання, дзе самалёты стаяць, рамантуюцца, запраўляюцца, абслугоўваюцца, дзе пілоты праходзяць медагляд. А максімальна гэта прыём паветраных судоў з-за мяжы, для гэтага павінны быць пагранічныя і мытныя працэдуры. Тут прадугледжаны для гэтага памяшканні, прадугледжаны перыметр. Тут з часам можна прымаць самалёты цяжэйшыя".

Мікалай Мачанскі, начальнік Мінскага аэраклуба ДТСААФ: "Роўных яму не будзе ў Еўропе. Мы сабралі тут усё, што можна. Не трэба шмат хадзіць - 15 хвілін да верталёта, да парашутнага класа, да авіямадэльнай майстэрні. Унікальнасць яшчэ і ў тым, у адрозненне ад Баравой, што мы тут прадугледзелі, як і трэба па дакументах FAI, тры авіямадэльныя корды - зможам праводзіць буйныя спаборніцтвы па авіямадэльным спорце".

Афіцыйнае адкрыццё аэрадрома запланавана на будучы год - напярэдадні старту чэмпіянату свету па верталётным спорце. Першынство збярэ каманды з двух дзясяткаў краін. Апошні раз Беларусь прымала гэтыя спаборніцтвы ў 1978 годзе.