Абноўленыя школьныя выданні атрымаюць навучэнцы з першага па дзявяты класы

20 августа 2019

Паўсотні школьных выданняў тыражом больш за тры з паловай мільёны экзэмпляраў да новага навучальнага года ўжо надрукаваныя. Абноўленыя кнігі праз 2 тыдні атрымаюць навучэнцы з першага па дзявяты класы. Сярод патрабаванняў да дапаможнікаў - даступнасць выкладання матэрыялу, наяўнасць маляўнічых ілюстрацый, а таксама выкарыстанне табліц, графікаў і дыяграм. Апроч гэтага, падручнікі дапоўнілі тэхналагічнымі фішкамі. Ажывіць малюнкі, правесці лабараторны вопыт або адправіцца на экскурсію можна дзякуючы спецыяльнаму дадатку на смартфоне.

Валянціна Гінчук, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі: "Так, напрыклад, у школьным падручніку па фізіцы тэхналогія дапоўненай рэальнасці дазваляе візуалізаваць вопыты і эксперыменты, 3D-мадэлі ў падручніках біялогіі дазваляюць разгледзець будову арганізмаў, якія вывучаюцца, а QR-коды, якія сёння ёсць амаль у кожным падручніку, дазваляюць пашырыць навучальны матэрыял школьнага падручніка".

Усяго сёлета вучняў прымуць тры тысячы тры школы. 1 030 000 навучэнцаў сядуць за парты 2 верасня. Дзень ведаў упершыню адзначаць 115 000 першакласнікаў.