Абмялелыя рэкі, азёры і перасохлыя ручаі

18 августа 2015

У Беларусі да гістарычнага мінімуму знізіўся ўзровень вады ў вадаёмах. Антырэкорд практычна паралізаваў працу рачных партоў. Загружаць баржы ў тых аб'ёмах, што было раней, зараз немагчыма. А гэта значыць паніжэнне рэнтабельнасці перавозак. На што яшчэ паўплывала падзенне ўзроўню вады - у рэпартажы Аляксея Немава.

Сухая восень, бясснежная зіма, адсутнасць разводдзя і як следства - моцнае абмяленне вадаёмаў. Узровень вады паніжаецца з кожным днём, што відаць няўзброеным вокам. А гарачае лета прымусіла рэкі біць рэкорды. Сож мялее за суткі на 1-2 сантыметры

Узровень вады ўжо апусціўся ніжэй за гістарычны мінімум. Раку ў некаторых месцах можна перайсці пешкі. А такія астраўкі зараз сталі нормай.

Такая карціна зараз назіраецца практычна па ўсёй краіне. Вада ў Заходняй Дзвіне апусцілася на 4 сантыметры ніжэй за папярэдні рэкорд.  А ў Полацку каля Сафійскага сабора перасохла  крыніца.

Аляксандр Цароў, кіраўнік групы гідралогіі ДП "Віцебскаблгідрамет": "Улетку рака заўсёды знаходзіцца ў стане межыцы, г.з. у нас заўсёды нізкі ўзровень вады. Але сёлета ён надзвычай нізкі. Ужо з 1 чэрвеня ў нас узровень вады ў Заходняй Дзвіне ў Віцебску ніжэйшы за небяспечна нізкае значэнне, якое абмяжоўвае суднаходства".

Перавозіць грузы стала складана і па большасці рэк паўднёва-ўсходняга рэгіёна. На крытычна небяспечным узроўні вада тут трымаецца ўжо два месяцы. Таму порт не можа працаваць у поўную сілу.

Такая засуха ўскладніла працу і ратавальнікам.  З-за мялізнаў да месца надзвычайнага здарэння падысці на катары зараз практычна немагчыма. А адпачывальнікі вырашылі, што ім зараз і мора па калена.

Але эпідэміялагічная сітуацыя на пляжах з-за спякоты не змянілася. Спецыялісты гавораць, што купацца можна, але толькі там, дзе гэта дазволена афіцыйна.

Сяргей Краўчанка, загадчык аддзялення камунальнай гігіены Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: "Сёлета мы не выявілі ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў у вадаёмах. І ў прынцыпе колькасць зон адпачынку, якія па ўсёй вобласці, на якіх былі прынятыя абмежавальныя меры, змянілася, але нязначна".

Нягледзячы на некаторае пахаладанне ў пачатку тыдня, да выхадных сіноптыкі зноў абяцаюць да плюс 28. Таму не выключана, што  рэкі паставяць яшчэ не адзін рэкорд са знакам мінус.