Яны вырабляюць шэдэўры з дапамогай нажоў, стамесак і нават бензапілы. Абласны конкурс сярод лепшых разьбяроў па дрэве прайшоў у Мядзелі. У ім змагаліся як вопытныя майстры, так і дзеці. Малодшаму ўдзельніку споўнілася 9 гадоў. Антаніна Станкевіч ацаніла залатыя рукі.
Майстар Юрась Камандзірчык спрытна спраўляецца з важкай бензапілой. І вось у вялікім бервяне ўжо лёгка разгледзець постаць птушкі. Гэта крумкач - тлумачыць майстар. Нацыянальныя легенды і паданні, звязаныя з гэтай таямнічай птушкай, якраз і натхнілі майстра ўвасобіць крумкача ў дрэве.
Побач з вопытнымі майстрамі ўдзел у конкурсе прымаюць і маладыя разьбяры. І хоць гэтыя хлопчыкі займаюцца толькі год, але з-пад іх рук таксама выходзяць сапраўдныя шэдэўры.
Поспехамі сваіх вучняў ганарыцца і настаўнік Генадзь Скурко. Майстар ахвотна дзеліцца сваімі ведамі і вопытам з вучнямі. І ведае, аднойчы яны абавязкова перагоняць свайго настаўніка.
Удзел у конкурсе прымаюць майстры з усёй вобласці. На ўсё ім адводзіцца тры гадзіны. Спаборнічаюць прафесіяналы ў некалькіх намінацыях: вырабляюць карціны, пано, посуд і нават манументальныя скульптуры.
Конкурс разьбы праводзіцца раз на тры гады. Акрамя самога конкурсу ўсе ахвотнікі могуць набыць драўляныя вырабы - ад лыжак да прадметаў інтэр'еру. Але галоўнае - нярэдка падчас такіх мерапрыемстваў сапраўдныя прафесіяналы знаходзяць новых вучняў. А значыць, старадаўнія традыцыі працягваюць сваё жыццё.













