Абласны форум маладзёжных ідэй прайшоў сёння ў Стаўбцоўскім раёне

25 мая 2016

Удзел у сустрэчы прынялі пераможцы алімпіяд і конкурсаў, выдатнікі, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў – усяго больш за 300 чалавек. Кожны раён прадэманстраваў па некалькі цікавых праектаў: творчых, грамадскіх альбо адукацыйных. Антаніна Станкевіч - пра розныя ініцыятывы.

15-гадовая Ксенія не без жаночага какецтва прызнаецца: строгая форма супрацоўніка ДАІ будзе да твару высокай хударлявай і бялявай дзяўчыне. Але будучую прафесію абірала па прынцыпе «гэта маё». Зараз дзяўчына – удзельнік гуртка юных інспектараў дарожнага руху. І сёння актыўна заклікае равеснікаў далучацца.

Школьнікі са Слуцка прапаноўваюць свой праект. Дошка прыемных пажаданняў – не прайшло і дзвюх гадзін – ужо стракаціць рознакаляровымі папяровымі стыкерамі. На іх – добрыя словы на адрас сяброў, знаёмых і незнаёмых. Па прыкладзе вучняў школы №12 такой жа праект могуць зладзіць не толькі вучні іншых школ, але і дарослыя на сваіх працоўных месцах. Асабліва, калі работа звязаная са штодзённымі стрэсамі.

Кожны раён сёння прапануе па некалькі такіх праектаў: творчых, інтэлектуальных, грамадскіх, адукацыйных і нават эканамічных.

Форум маладзёжных ініцыятыў праводзіцца 13-ы год запар. Звычайна на адной пляцоўцы збіраюцца пераможцы алімпіяд, конкурсаў і творчых праектаў. Дзеці ладзяць адно для аднаго шэраг майстар-класаў, абменьваюцца вопытам, і некаторыя нават вызначаюцца з будучай прафесіяй.

Акрамя таго, для ўдзельнікаў форуму – забаўляльная праграма. Віктарыны, конкурсы, брэйн-рынг, а таксама святочны канцэрт. Кожны з гэтых дзяцей можа пахваліцца пэўнымі талентамі.